Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ ДЗЯЦЕЙ У МАЦІ, ІНФІКАВАНЫХ НА СНІД, НАРАДЖАЕЦЦА Ў ВЫНІКУ СЬВЯДОМАГА ВЫБАРУ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Нягледзячы на рызыку нараджэньня хворага дзіцяці і пагаршэньня ўласнага стану здароўя, інфікаваныя на СНІД цяжарныя жанчыны рэдка адмаўляюцца ад нараджэньня дзіцяці. Сёлета ў Магілёўскай вобласьці з 12-ці інфікаваных жанчынаў, якія зацяжарылі, толькі тры вырашыліся на аборт. Камэнтуе супрацоўніца Магілёўскага цэнтру прафіляктыкі СНІД, інфэкцыяніcт Алена Дзянісава.

(Дзянісава: ) “У нас няма гвалту над жанчынай. Жанчына мае права вырашаць сама, ці возьме яна на сябе адказнасьць за нараджэньне хворага дзіцяці, ці яна вырашыцца адмовіцца ад цяжарнасьці і зрабіць аборт. Гэта яе шлях”.

Калі прымаць прафіляктычныя меры і весьці здаровы лад жыцьця (у гэтым сьпісе і спэцыяльныя лекі, і адмова ад груднога малака), то рызыка наданьня дзіцю вірусу імунадэфіцыту зьніжаецца да 10%, аднак усё ж яна існуе. Чаму інфікаваныя жанчыны рызыкуюць сваімі жыцьцямі і жыцьцямі сваіх дзяцей? Алена Дзянісава мяркуе, што гэта праява інстынкту працягваньня роду.

(Дзянісава: ) “Напэўна, нам, здаровым, не зусім зразумела вось гэта. 50% сваёй крыві, сваіх генаў, перадаць гэтаму чалавечку. Пакінуць пасьля сябе працяг сябе”.

“Дзіця для мяне – гэта ўсё,” – гаворыць маладая жанчына, якая інфікаваная на СНІД і хутка народзіць. Яна ўжывала наркотыкі і заразілася праз іголку два гады таму. Пра гэта ведае яе маці, а цяпер яшчэ і каханы чалавек, якога, як яна лічыць, пашэньціла сустрэць.

(Спадарыня: ) “Сустрэла, калі ўжо ўвогуле не было ніякіх надзеяў, ні на што ўвогуле. Калі б ня ён, я проста не зьбіралася жыць далей нармалёва”.

Праз некалькі тыдняў пасьля знаёмства жанчына сказала свайму каханаму, што інфікаваная на СНІД. Мужчына паставіўся да гэтага спакойна.

(Спадарыня: ) “Ён мне зараз гаворыць, у яго было такое адчуваньне, што ў мяне насмарк, ты пойдзеш на папраўку і ўсё, усё будзе нармалёва”.

Гэтая пара ўзяла шлюб і чакае нараджэньня дзіця. Дарэчы, гэта не такая ўжо рэдкая зьява. Алена Дзянісава распавяла, што толькі сёлета дзьве інфікаваныя жанчыны наведалі цэнтар прафіляктыкі СНІД у Магілёве разам са сваімі абраньнікамі – здаровымі мужчынамі, якія заявілі, што зрабілі свой выбар, гатовыя несьці за яго адказнасьць і разам з жонкамі прымаюць рашэньне мець дзіця.

(Спадарыня: ) “Вось вырашыліся. Я і мой муж мяркуем, што ўсё будзе добра. Папросту верым у гэта”.

Цяжарная жанчына гаворыць, што з цягам часу страх за дзіця, ягонае жыцьцё і здароўе прайшоў – проста пераканала сябе, што нельга думаць пра дрэннае.

(Спадарыня: ) “Вось калі б ня гэтая сытуацыя і не атрымалася б, што мы сустрэліся з мужам, што я зацяжарыла – гэта проста існаваньне і ўсе. Колькі там гадоў яшчэ – дзясятак ад сілы. Зараз зусім іншы сьвет”.

Статыстыка нараджэньня дзяцей ад інфікаваных на СНІД маці ў Магілёўскай вобласьці зараз наступная: з 14 дзяцей – 8 дакладна здаровыя. Усім астатнім яшчэ не споўнілася паўтары гады, а менавіта ў гэтым узросьце пачынаюцца даследаваньні дзяцей на СНІД.

У рэгіёне зараз жыве толькі адное дзіця, якое атрымала СНІД пры нараджэньні. Ягоная сям'я пераехала на Магілёўшчыну зь іншых мясьцінаў. Дзіця ўжо ходзіць у школу і ў яго няма зараз ніякіх клінічных праяваў хваробы, і ў абласным цэнтры прафіляктыкі СНІД вельмі спадзяюцца, што дзіцю пашэньціла на павольную інфэкцыю.
XS
SM
MD
LG