Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛААЗЁРСКУ ЗНОЎ ВЫБІРАЮЦЬ ДЭПУТАТАЎ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Каб сёньняшнія выбары ў Белаазёрску адбыліся, на ўчасткі для галасаваньня павінны прыйсьці ня менш за 25% выбарцаў, уключаных у сьпісы. Неабходная колькасьць прагаласаваўшых была дасягнутая ўжо а 14-й гадзіне. Назіральнікі кажуць, што на яўку выбарцаў паўплывала тое, што адзін з участкаў для галасаваньня знаходзіцца ў інтэрнаце энэргамэханічнага заводу. Вось што паведаміў Радыё Свабода намесьнік старшыні Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч:

(Губарэвіч:) “Да нас паступіла інфармацыя, што на адным з участкаў, дзе абіраецца начальнік трансфарматарнага цэху, і дзе шмат пражывае людзей, якія працуюць на заводзе, там людзей зараз адпускаюць з працы і нават выдзяляюць адмысловыя аўтобусы, каб іх завезьці і каб яны прагаласавалі”.

У апошнюю ноч напярэдадні выбараў у Белаазёрску зьявіліся новыя ўлёткі, на якіх зьмешчаныя тэксты і малюнкі, якія зьневажаюць дэмакратычную апазыцыю ў горадзе. У назіральнікаў няма сумневу, што гэтыя ўлёткі скіраваныя, перша за ўсё, супраць вылучэнцаў ад Народнай Грамады – Ірыны Драчэнкі і Зьміцера Трацьцяка, якія працягваюць барацьбу ў другім туры. Дарэчы, спадарыня Драчэнка ў першым туры атрымала амаль 40 адсоткаў галасоў выбарцаў – больш, чым іншыя кандыдаты ў гэтай выбарчай акрузе.

Паколькі падчас другога туру няма датэрміновага галасаваньня, якое ўлады выкарыстоўваюць для парушэньняў заканадаўства, белаазёрскія сацыял-дэмакраты спадзяюцца на пасьпяховыя вынікі выбараў для сваіх партыйных калегаў.
XS
SM
MD
LG