Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ ДАЗВАЛЯЮЦЬ АДКРЫЦЬ СЭКС-ШОП


Казімер Яноўскі, Гомель

Справа, канечне, ня ў нейкім празьмерным пурытанстве гамельчукоў. Прадпрымальнік Артур Цурбакоў кажа, што галоўная перашкода – гэта мясцовае чынавенства. Паводле Цурбакова, яны папросту не чытаюць і ня ведаюць дэкрэтаў. У прыватнасьці, пра ліцэнзаваньне асобных відаў дзейнасьці. Паводле згаданага дэкрэту, каб адкрыць сэкс-шоп, патрэбна ўсяго толькі ліцэнзія на розьнічны гандаль.

У адміністрацыі Цэнтральнга раёну Гомеля спадару Цурбакову адмовіліся выдать ліцэнзію. Накіравалі ва ўправу гандлю і паслугаў гарвыканкаму. Там спаслаліся на тое, што ў асартымэнтным пераліку міністэрства гандлю адсутнічаюць тавары для эратаманаў. Раілі дамагацца ўнясеньня зьменаў у пералік міністэрства альбо зьвярнуцца ва ўправу аховы здароўя. Магчыма, яна дазволіць. Афіцыйная папера з управы аховы здароўя яшчэ не прыйшла, але Артур ужо ведае, што ўправа адмовіла, паколькі ня мае дачыненьня да выдачы ліцэнзіяў на гандаль.

Артур Цурбакоў сьцяврджае, што патрэба ў інтымных таварах у Гомелі сапраўды ёсць. Артур даваў аб’явы ў мясцовую рэклямную газэту. Яму тэлефанавалі шматлікія жанчыны і мужчыны, замаўлялі патрэбны тавар, а пасьля куплялі. Гэтая дзейнасьць прадпрымальніка патрапіла ў поле зроку камітэту дзяржкантролю. Цурбакова аштрафавалі з фармулёўкай “за гандаль у неналежным месцы”.

Атрымоўваецца сытуацыя, што з аднаго боку, нельга атрымаць ліцэнзію на легальны гандаль, а з другога – караецца ўсялякая ініцыятыва. Спадар Цурбакоў сказаў, што хоча прайсьці ўсе магчымыя інстанцыі, а пасьля ўжо, калі нічога ня ўдасца, зьвярнуцца ў суд.

Як прадпрымальнік, ён імкнецца стварыць магчымасьць зацікаўленым людзям легальна набываць інтымныя тавары. Пакуль жа мясцовыя эратаманы пакідаюць немалыя грошы ў сэкс-шопах Масквы, Варшавы, Кіеву. І яшчэ адна дэталь. На думку Артура Цурбакова, адкрыты ў горадзе сэкс-шоп мог бы зацікавіць вытворцаў. Ва ўсякім разе, фабрыку цацак, напэўна, зацікавіла б магчымасьць вырабляць цацкі для дарослых.
XS
SM
MD
LG