Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗЭТЫ “ДЕНЬ” НЕ ДРУКУЮЦЬ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Галоўным рэдактарам “Дня” па-ранейшаму застаецца менскі журналіст Генадзь Барбарыч, але газэта рыхтуецца на гарадзенскім матэрыяле, і адным зь яе выдаўцоў зьяўляецца Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Газэту робіць фактычна ў поўным складзе калектыў газэты “Пагоня”. Газэта — гарадзенская зьместам, “пагонеўская” духам, беларуская сваёй сутнасьцю”.

Паводле М.Маркевіча, асноўнай тэмай нумару была дарагоўля цяперашніх камунальных паслугаў, якую журналісты “Дня” лічаць самай балючай праблемай насельніцтва.

(Маркевіч: ) “Гэта быў, з майго гледзішча, вельмі вывераны прафэсійны нумар. Мы ў сваім рэдакцыйным артыкуле нават прадэкляравалі: мы ні з правымі, і ня зь левымі, мы з народам, мы зь людзьмі, з нашымі чытачамі”.

Тым ня менш, у сталічнай друкарні “Сьветач” газэты “День” не надрукавалі. Спаслаліся на тое, што машына зламалася. Хаця са “Сьветачам” была падпісаная дамова і нават пералічаныя грошы за першы нумар. Але яшчэ заставалася надзея. Журналісты мусілі крыху абнавіць нумар і зьвярнуліся ў гарадзенскую абласную друкарню, учора і там адмовіліся надрукаваць “День”.

(Маркевіч: ) “Для мяне самае дзіўнае ў гэтай сытуацыі тое, што мы дзейнічаем адкрыта, легальна, паводле беларускіх законаў, не парушаючы гэтых законаў нават на ёту. Супрацьстаяць нам людзі ў масках, людзі, якія баяцца раскрыць сваё імя і твар, але якія рэальна кіруюць сытуацыяй у Беларусі”.

Мікола Маркевіч мае зьвярнуцца з афіцыйным запытам у Міністэрства інфармацыі, каб даведацца, чаму яму перашкаджаюць выдаваць газэту. Ён таксама мяркуе судзіцца з друкарняй “Сьветач”, якая парушыла свае абавязкі, якія прадугледжвае дамова з газэтай “День”.

Гарадзенскую газэту “Пагоня”, якую раней рэдагаваў Мікола Маркевіч, два гады таму закрыў Вышэйшы гаспадарчы суд. Летась галоўнага рэдактара і журналіста Паўла Мажэйку судзілі за паклёп на прэзыдэнта Лукашэнку, журналістаў пакаралі тэрмінамі абмежаваньня свабоды. Пазьней пакараньне зьмякчылі, накіраваўшы на гэтак званыя папраўчыя работы па месцы жыхарства. Для Міколы Маркевіча тэрмін папраўчых работаў скончыцца ў наступным годзе 10 сакавіка. Сёньня ён мае некаторыя абмежаваньні, якія вынікаюць з прысуду, аднак яму не забаронена займаць пасады, у тым ліку і займацца выданьнем газэты.
XS
SM
MD
LG