Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ЗЛАДЗІЛІ ПІКЕТ НА ПРЫСТУПКАХ ГАРВЫКАНКАМУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Два тыдні таму віцебскія прадпрымальнікі з прафсаюзу “Пэрспэктыва” даслалі ў гарвыканкам шэраг сваіх патрабаваньняў, сфармуляваных падчас адмысловага абласнога сходу прадпрымальнікаў ды спажыўцоў, які прайшоў 10 лістапада.

Не дачакаўшыся ніякага адказу, прадпрымальнікі прыйшлі да будынку гарвыканкаму ды запатрабавалі асабістае сустрэчы з віцебскім мэрам.

Невядома, ці згадзіўся б на тую сустрэчу спадар Драздоў, каб ня трапіў на яе выпадкова, ідучы зь нейкае нарады на сваё непасрэднае месца працы. Засьпеты зьнянацку, мэр запрасіў прадпрымальнікаў зайсьці да яго іншым часам, аднак тыя не пагадзіліся і запатрабавалі адказу на свой ліст неадкладна.

У выніку пікетаваньне на прыступках гарвыканкаму скончылася для прадпрымальнікаў пэўным посьпехам: спадар Драздоў выклікаў з будынку яшчэ некалькіх адказных чыноўнікаў, і яны тут жа абвясьцілі пра адтэрміноўку абавязковай устаноўкі касавых апаратаў на гарадзкіх рынках ды паабяцалі разгледзець астатнія патрабаваньні прадпрымальнікаў самым бліжэйшым часам.
XS
SM
MD
LG