Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРХЕОЛЯГІ НЯ СУПРАЦЬ БУДОЎЛІ НЁМАНСКАЙ ГІДРАЭЛЕКТРАСТАНЦЫІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У мінулую пятніцу навукоўцы падсумавалі вынікі раскопак з “Гроднаэнэрга”—заказчыкам будаўніцтва, які аплаціў іхную працу. Праводзілі раскопкі супрацоўнікі аддзела археалёгіі каменнага і бронзавага вякоў Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі і гарадзенскія навукоўцы. Ім дапамагалі студэнты-гісторыкі, некалькі беспрацоўных і хлопцы зь вёскі Жукевічы. Усіх разам было каля дваццаці чалавек. У раскопках браў удзел і вядомы менскі археоляг Міхась Чарняўскі.

Археолягі працавалі аж да сярэдзіны лістапада. Паводле Міхася Чарняўскага, умовы выдаліся суровыя, тыдзень ляжаў сьнег. Спачатку даводзілася дзяўбці лёд, бо побач — рака, а тады бралі ў рукі шуфлікі, нажы, шпатэлі. Працавалі, апраўнуўшыся па-зімоваму. Атрымаліся экстрэмальныя раскопкі, у жыцьці такіх яшчэ не было, – прызнаўся Міхась Чарняўскі.

Паводле высноваў археолягаў першыя людзі там пасяліліся ў часы мэзаліту, прыблізна дзесяць тысячаў гадоў таму. Археолягі знайші лістападобныя – паляўнічыя наканечнікі стрэлаў, якія выраблялі прадстаўнікі кундскай (або кундайскай) культуры. Гэтую знаходку Міхась Чарняўся якраз і назваў сэнсацыйнай, паколькі названыя плямёны займалі абшары бліжэй да Латвіі, Эстоніі.

Навукоўцы знайшлі рэшткі майстэрняў, дзе першабытныя людзі апрацоўвалі крэмень. Знайшлі таксама трохкутныя баявыя наканечнікі стрэлаў з канца нэаліту – пачатку бронзавага веку. Паводле дамоўленасьці, знаходкі трапяць у Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй.

Міхась Чарняўся прызнаўся, што вучоныя паміж сабой абмяркоўвалі: можа сапраўды ня трэба будаваць плаціну? Але, па-першае, зазначае ён, затапляцца будзе не такая вялікая тэрыторыя. Ніводнай вёскі, і нават самыя старажытныя археалягічныя аб’екты вадой не заль’е. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што, канечне, можна было б пратэставаць супраць будаўніцтва ГЭС, але калі энэргія патрэбна для большай незалежнасьці дзяржавы, а не для чыёйсьці асабістай амбіцыі, можна нечым крыху і ахвяраваць. Па-другое, як зазначае Міхась Чарняўскі, нават зварот у міжнародныя арганізацыі наўрад ці рэальна паўплываў бы.

Археолягі ставяцца да справы ў пэўным сэнсе прагматычна. Яшчэ нядаўна не існавала палажэньня аб папярэдняй экспэртызе. Калі будавалі газаправод “Ямал—Заходняя Эўропа” ў Беларусі зьнішчылі мноства археалягічных помнікаў. Сёньня абавязкова патрэбна археалягічная экспэртыза, і ўсе будаўнічыя праекты праходзяць праз аддзел археалёгіі. Пры ранейшых умовах навукоўцы маглі б разьлічваць максімум толькі на раскопкі пяці ўжо вядомых аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зоне будучага водасховішча. Цяпер ім аплацілі выдаткі на абсьледаваньне ўсёй тэрыторыі, выяўлена яшчэ амаль трыццаць помнікаў археалёгіі, і заказчык павінен будзе аплаціць раскопкі ўсіх 33 аб’ектаў.
XS
SM
MD
LG