Працяглая адсутнасць алмазнай сыравіны з Расеі паставіла гомельскае прадпрыемства на мяжу банкруцтва. Паводле інфармацыі аддзела кадраў “Крышталю”, за 2001-2002 гады звольнілася 60% аграншчыкаў ды іншых высокакваліфікаваных адмыслоўцаў. Сярод іх была і Натальля Іванова:
(Іванова: ) “Работы не было. Не працавалі – стаялі. Пайшла шукаць іншую працу. Нашыя разьехаліся па заробкі хто куды. Я не паехала, бо не было магчымасьці: сям’я ё, дзеці малыя.”
Куды, як правіла, сыходзілі высокакваліфікаваныя аграншчыкі, распавёў гамяльчук Сяргей:
(Сяргей: ) “Супрацоўнікі з “Крышталю” зьяжджалі ў асноўным на заробкі ў Расею”.
Сёлета Расея больш уважліва паставілася да заключанага міжурадавага пагадненьня пра пастаўку на “Крышталь” алмазнай сыравіны. У выніку гамельчукі атрымалі ад расейскай кампаніі “Алроса” 100 тысячаў каратаў алмазаў. Але паколькі магутнасьці “Крышталю” нашмат большыя, то ўжо напачатку лістапада прадпрыемства зноў адчула недахоп алмазаў.
Давальніцкая схэма паставак сыравіны для беларускага прадпрыемства па-ранейшаму ня дзейнічае. Расея абставіла гэта шматлікімі цяжкімі ўмовамі. Прадчуваючы ўсё гэта, адмыслоўцы “Крышталю” зьвярнулі ўвагу на афрыканскі рынак алмазнай сыравіны. Распавядае генэральны дырэктар “Крышталю” Аляксандар Старавойтаў:
(Старавойтаў: ) “Мы вырашылі паглядзець уважліва на нетрадыцыйныя рэгіёны, у якіх таксама ёсьць алмазная сыравіна, але з кім цесных сувязяў у Эўропы не было. Гэта Афрыка. Палічылі, што нельга захоўваць яйкі ў адным кошыку і браць іх з аднаго кошыка. Нашыя адмыслоўцы сабралі інфармацыю з многіх краінаў, шмат дзе пабывлі самі. І не безвынікова. Мы ўжо сёлета атрымлівалі алмазы з ПАР, з Руанды. Зараз распачалі апрацоўваць буйную партыю алмазаў з Уганды. На наступным тыдні з гэтай краіны паступіць яшчэ адна партыя алмазаў на наш адрас. Такім чынам ажыцьцяўляем задуму знаходзіць сыравіну ня ў тым месцы, дзе бралі яе заўсёды”.
Паводле ягоных словаў, па-за межамі Расеі гамельчукі будуць атрымліваць да 40% алмазнай сыравіны – акурат столькі, колькі ня хапае цяпер да поўнай загрузкі прадпрыемства.