Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯЛЯНЕ АДМАЎЛЯЮЦЦА АД ЗЯМЛІ, БО ЯЕ НЯВЫГАДНА АПРАЦОЎВАЦЬ


Марыя Ўсьціновіч, Бялыніцкі раён

У Лебядзянкаўскім сельскім сельскім савеце сёлета адмовіліся ад зямельных надзелаў амаль тры дзясяткі сялянаў. Звычайна людзі пакідаюць сабе 30–50 сотак, максымум да гектару, каб забясьпечыць сябе і хатнюю жывёлу збожжам ды бульбай.

(Вусік: ) “Сялянін адмаўляецца ад зямлі, таму што яму нявыгадна вырошчваць збожжа. І ня толькі збожжа, усё астатняе”.

Валеры Вусік адмовіўся ад двух гектараў зямлі. Летась ён сеяў на іх збожжавыя: 500 кіляграмаў пасеяў, атрымаў 700. Прыбытак мізэрны.

(Вусік: ) “Таму няма рэзону і сэнсу. Будзеш працаваць, сьпіну гнуць — і нічога не атрымаеш. Зямля робіць людзей не багатымі, а гарбатымі”.

Такую ж выснову робіць і жыхар Лебядзянкі Сяргей, які адмовіўся ад трох гектараў зямлі:

(Сяргей: ) “Дык а што толку сеяць, выгады ж няма ніякай. Быў бы зь мінусам у выніку”.

Каб атрымаць ураджай, сапраўды трэба ўкласьці ў зямлю немалыя сродкі — на ўгнаеньні, паліва, тэхніку, насеньне. Цэны ж на прадукцыю сельскай гаспадаркі выдаткаў не кампэнсуюць.

(Вусік: ) “У гэтым вінаватая ўлада. Больш ніхто. Трэба, каб здаў літар малака — атрымаў літар саляркі, альбо булку хлеба. Вось тады будзе толк”.

Насуперак чаканьням сялянаў, сёлета выдаткі на вытворчасьць падвысіліся. Павялічыўся ўдвая падатак на зямлю, і цяпер за кожны гектар трэба плаціць штогоду амаль 30 тысяч рублёў. Для калгасьнікаў, якія атрымліваюць мізэрныя заробкі ды яшчэ і з затрымкамі, плаціць такія грошы цяжка, гаворыць Сяргей.

(Сяргей: ) “Ды ну што вы, якія грошы? Усім цяжка, нават 15 тысяч заплаціць — і тое цяжка”.

У складанай эканамічнай сытуацыі і калгас ня мае сродкаў, каб дапамагчы сялянам апрацаваць іх асабістыя ўчасткі: старая тэхніка і няма паліва. “Калгас хоць бы сам справіўся”, — гавораць вяскоўцы. Гаспадарка імя Заслонава, дзе працуюць жыхары Лебядзянкі, дапамагае ўбраць толькі збожжа, а астатняе — калі ласка, сваімі сіламі. Старыя людзі перш за ўсё адмаўляюцца ад участкаў таму, што не хапае сілаў апрацоўваць зямлю.

(Еўдакія: ) “На што яна мне? Было болей за гектар, а цяпер ня трэба яна мне. Няма каму яе апрацоўваць”.

Бабулі Еўдакіі амаль 70 гадоў. Гаспадар памёр, дзеці разьехаліся. Пакуль жылі разам, апрацоўвалі шмат зямлі і заўсёды лічылі, што гэта выгадна: ня трэба было ні бульбы, ні хлеба ў краме купляць. А цяпер свайго ўчастку Еўдакія апрацаваць ня можа.

(Еўдакія: ) “Мне ўжо цяпер цяжола. Да гэтага я працавала: 42 гады адпрацавала ў калгасе. А што я — ай! І здароўя няма, а жыць трэба”.

Што ж будзе далей зь Лебядзянкай, калі цяпер людзі масава адмаўляюцца ад зямлі? Вось што гавораць сяляне:

(Сяргей: ) “Што зь вёскай будзе? Тое ж самае, што ў чарнобыльскай зоне”.

(Еўдакія: ) “Будучае — хутка нікога ня будзе. Вось як я думаю”.

(Вусік: ) “І далей будзе горш. Калі ня зьменіцца палітыка ўраду ў адносінах да селяніна — усё, будзе усё!”
XS
SM
MD
LG