Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТАЛЬЯНЦЫ ДАПАМАГАЮЦЬ МЭДЫКАМ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ


Казімер Яноўскі, Чачэрскі раён

Вёска Залаўе – адна з васьмі моцна забруджаных радыяцыяй вёсак у Чачэрскім раёне, адкуль і празь сямнаццаць гадоў пасьля Чарнобылю ўлады ня здолелі перасяліць усіх жыхароў. У такіх вёсках асабліва састарэлым людзям, аддаленым ад мэдычных установаў, жывецца надзвычай цяжка.

Бабулю Антаніну Самусеву я напаткаў на падворку заплаканай:

(Самусева: ) “Трэба во чалавека наймаць, каб даглядаў. Радыкуліт ці што – ні сагнуцца, ні разагнуцца. Доктар – у Роўкавічах.”

(Карэспандэнт: ) “А як можна дабрацца да яго?”

(Самусева: ) “Я ня ведаю, тэлефон у яго ё ці няма.”

(Карэспандэнт: ) “Аўтобус да вас ня ходзіць?”

(Самусева: ) “Ходзіць, рэйсавы. На шашу трэба выйсьці. Але я ўжо буду паміраць тут”.

У Роўкавічах ёсьць свая вясковая амбуляторыя. Аднак дабірацца туды нязручна. Трэба выйсьці да шашы, падпільнаваць рэйсавы аўтобус. Калі пашанцуе ў адзін бок даехаць, то назад можаш разлічваць толькі на спадарожны транспарт альбо на свае ногі.

Але яшчэ горай для людзей, што за ўсё трэба плаціць. Гаворыць пэнсіянэрка Самусева:

(Самусева: ) “Рэнтген прайсьці, трэба плаціць. Укол зрабіць, купі шпрыц. Зельле-вясельле – усё трэба сваё. Няма свайго, значыць, здыхай у хаце”.

Гэтую асаблівасьць беларускай мэдыцыны заўважылі італьянцы з дабрачыннага фонду “Легамбіентэ”, якія наведвалі Чачэрск. Яны ўзяліся забясьпечыць лекамі і мэдычнымі прэпаратамі 4 вясковыя амбуляторыі і 8 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. У іх ліку – Бабіцкі ФАП.

Распавядае мэдсястра Натальля Шылец:

(Шылец: ) “Тое, што нам прывезьлі італьянцы – антыбіётыкі, перавязачныя матэрыялы, асьпірын, супрацьалергенныя лекі, – усе гэта мы бясплатна перадаем хворым вяскоўцам. Васіль Карпоўскі, калі атрымаў бясплатна лекі ад хваробы страўніка, быў узрадаваны незвычайна. За восем гадоў, якія я працую ў Бабічах, гэта была сапраўды вельмі добрая гуманітарная дапамога. Для нас гэта, як зь неба ўпала.”

Удзячная мэдычная сястра і таму, што італьянцы не забыліся і на яе асабістую просьбу:

(Шылец: ) “Асабіста я прасіла мэдычны халат – я такая досыць поўная жанчына, халата не было, не магла падабраць добры – дык яны мне прывезьлі вялікі прыгожы халат”.
XS
SM
MD
LG