Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫС БАТУРА ПРАВЁЎ ПРЭСАВУЮ КАНФЭРЭНЦЫЮ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Мяне цікавіла стаўленьне старшыні Магілёўскага аблвыканкаму да пашырэньня ў рэгіёне сфэры платных паслугаў для насельніцтва. Нядаўна мы распавядалі пра Бялыніцкі раён, дзе бацькоў тых дзяцей, якіх возяць з аддалёных вёсак у навучальныя ўстановы, абавязалі плаціць палову кошту бэнзіну.

Ці інфармацыя з Круглянскага раёну, дзе зачынілі радзільны дом, цяжарным жанчынам раяць мець пры сабе каністру з палівам, бо ў “хуткай дапамогі” не заўсёды ёсьць бэнзін, каб адвезьці жанчыну ў шпіталь за дзясяткі кілямэтраў.

Барыс Батура запатрабаваў ад сваіх падначаленых справаздачы пра ўзгаданыя факты.

(Батура: ) “Канечне ж, гэта абуральныя факты і гэта недапушчальна”.

Кіраўнік вобласьці заклікаў старшыняў райвыканкамаў дзейнічаць у адпаведнасьці з законам, аднак усё ж ён зазначыў, што наагул сфэра платных паслугаў у вобласьці будзе пашырацца, бо гэта, паводле меркаваньня Батуры, неабходна для нармалёвага функцыянаваньня беларускай эканомікі.

На прэсавай канфэрэнцыі Барыс Батура таксама закрануў пытаньне пошуку інвэстараў для двух самых буйных прамысловах прадпрыемстваў рэгіёну – “Хімвалакна” і “Белшыны”. Гэтыя хімічныя гіганты акцыянаваліся з надзеяй на прыход інвэстара.

Кіраўнік вобласьці пацьвердзіў, што расейкая кампанія “Сібнафта” вядзе перамовы пра набыцьцё акцыяў магілёўскага “Хімвалакна”.

(Батура: ) “Адна з галоўных умоваў “Сібнафты” – гэта кантрольны пакет акцыяў. Аднак гаварыць пра гэта зарана, бо і “Сібнафта”, і іншыя інвэстары настойваюць на рэальнай ацэнцы прадпрыемстваў”.

Паводле Батуры, незалежная фірма павінна зрабіць ацэнку кошту “Хімвалакна”. Беларускі бок прапанаваў сваю кандыдатуру такой фірмы, і цяпер справа за “Сібнафтай”. “Белшынай” цікавіцца іншая расейская кампанія “Сібур”, аднак гэта пакуль няпэўна.

(Батура: ) “Далей за размовы, што датычыцца “Белшыны”, канкрэтных прапановаў ні ад каго не паступала”.

Барыс Батура на просьбу Радыё Свабода выказаў сваё меркаваньне ў справе бабруйчанкі Любові Санкевіч, пра якую мы неаднаразова распавядалі. Гэтая жанчына некалькі гадоў патрабуе аднаўленьня на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў. Нядаўна яна вытрымала шматдзённую галадоўку і правяла акцыю пратэсту ў Менску. Кіраўнік вобласьці займаўся справай Любові Санкевіч і яшчэ трох бабруйчанак, якія разам зь ёй дамагаліся вырашэньня сваіх жыльлёвых праблемаў.

(Батура: ) “Наколькі я памятаю, яны прайшлі ўсе інстанцыі, і ім сказалі, што яны ня маюць рацыю. Дык чаго ламіцца ў гэтую сьцяну? Ідзі і працуй”.

Што датычыцца Любові Санкевіч, якую звольнілі пасьля таго, як яна абвінаваціла сваіх кіраўнікоў у злоўжываньнях, то, паводле вэрсіі Барыса Батуры, яе ня хоча прымаць працоўны калектыў і дырэкцыя заводу, вяртаньня на які яна дамагаецца.

(Батура: ) “Калі яна вырашыла ўсіх перамагчы, ну няхай перамагае. Больш нічога не магу сказаць”.
XS
SM
MD
LG