Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА НЕБЯСЬПЕКУ, БЕЛАРУСЫ ЕЗЬДЗЯЦЬ У РАСЕЮ НА ЗАРОБКІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Аднак, нягледзячы на небясьпеку для жыцьця і здароўя, беларусы з памежных з Расеяй раёнаў па-ранейшаму актыўна езьдзяць на заробкі ў суседнюю краіну.

Недахоп працоўных месцаў і нізкія заробкі падштурхоўваюць беларускіх мужчынаў да паездак у Расею. Паездкі ў суседнюю краіну ў якасьці сэзонных рабочых, якіх называюць нямецкім словам “гастарбайтэрамі” – вельмі распаўсюджаная зьява на Шклоўшчыне, ва ўсходніх сельскіх раёнах, прынамсі – Чэрыкаўскім.

Чэрыкаўскія хлопцы звычайна езьдзяць у Маскву, дзе наймаюцца на прыватныя будоўлі. Працуюць там месяц-другі, вяртаюцца на адпачынак дадому, а потым ізноў зьяжджаюць. Гавораць, што звычайна зарабляюць 12-15 тысячаў расейскіх рублёў, то бок, недзе каля 500 даляраў за месяц. Рабочыя распавядаюць і пра меры бясьпекі: каб ня мець непрыемнасьцяў, лепей нікуды не хадзіць і пасьля працы адпачываць толькі дома. Іначай – праблемы.

Паводле пагалоскаў, малады чалавек з Чэрыкава загінуў не з прычынаў няшчаснага выпадку на будоўлі, а ў выніку разбойнага нападу. У Чэрыкаве гавораць, што такія выпадкі здараюцца амаль штогод.

У пераважанай большасьці беларусы працуюць у Расеі “па-чорнаму”, нелегальна, і таму не зьвяртаюцца па дапамогу да праваахоўных органаў. Каб ашчадаваць грошы, яны не рэгіструюцца ў міліцыі.

У Крычаве мне распавялі, што ў гэтым горадзе ёсьць каля дзясятку брыгадаў, якія займаюцца ў Падмаскоўі будаўнічымі і аздабляльнымі работамі на лецішчах і ў катэджах. Дык вось, каб не плаціціь за рэгістрацыю, крычаўскія будаўнікі прыдумалі такое выйсьце: робяць падробныя аўтобусныя квіткі з датамі празь некалькі дзён і, калі неабходна, прад’яўляюць іх маскоўскім міліцыянтам: маўляў, прыехаў некалькі дзён таму да сваякоў, а вось мой іншы квіток дадому, заўтра зьяжджаю. Натуральна, што ў такой сытуацыі зьвяртацца па дапамогу не выпадае. І злаўмысьнікі гэта ведаюць. Таму нелегалаў нярэдка рабуюць, а тыя да апошняга абараняюць сваё “кроўна заробленае”.

Такая сытуацыя павінна насьцярожваць тых, хто хоча заробіць у Расеі. Але ці паменшыцца колькасьць ахвотнікаў паехаць на працу да суседзяў? Гэта падлягае сумненьню. Узровень беспрацоўя ў раённых цэнтрах вялікі, ды і ў вёсцы зарабіць на прыстойнае жыцьцё амаль што немагчыма. Мужчынам трэба забяпечваць сем’і, і таму яны гавораць, што не зважаюць на рызыку, бо няшчасьце можа здарыцца дзе і калі заўгодна.

Аднак ёсьць і іншае выйсьце – афіцыйная праца і рэгістрацыя. Адзін з жыхароў Клімавічаў распавёў мне, што працуе ў Карэліі на заводзе. Ён кажа, што ў родным горадзе яму немагчыма ўладкавацца на працу і адпаведна сваёй вышэйшай адукацыі атрымліваць дастойны заробак. І гэтаму чалавеку пашчасьціла ўладкавацца інжэнэрам-мэханікам у вялікую брыгаду з Бабруйску, дзе амаль 20 спэцыялістаў розных будаўнічых прафэсіяў. Месяц у карэльскай правінцыі за 600-700 даляраў, месяц дома. Беларуская брыгада адчувае сябе бясьпечна таму, што ўсе яе ўдзельнікі рэгіструюцца і працуюць цалкам афіцыйна. Яны ўпэўненыя, што такіх грошай на радзіме яны легальна зарабіць ня здолеюць.
XS
SM
MD
LG