Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗА ГОД ПЕРАРЭГІСТРАВАЛАСЯ ТОЛЬКІ 5% РЭЛІГІЙНЫХ СУПОЛАК

Казімер Яноўскі, Гомель

У рэлігійных суполках ёсьць шмат прычынаў ігнараваць перарэгістрацыю.

Многія прадстаўнікі пратэстанцкіх суполак цалкам адмоўна ставяцца да новага закону, паводле якога рэгіструюцца толькі буйныя абшчыны і адмаўляецца ў рэгістрацыі малалікім.

“Я не прыхільнік такіх сьвецкіх законаў,” – сказаў сьвятар Рэчыцкай суполкі “Сьведкі Іяговы” Сьцяпан Лугоўскі.

Аднак асноўная прычына таго, што рэчыцкія вернікі не сьпяшаюцца ісьці на перарэгістрацыю, – гэта канфлікт з райвыканкамам. Апошні не дазваляе будаваць лекцыйную залю на той падставе, што чыноўнікі разглядаюць яго як культавы будынак.

У каталікоў – іншая праблема. Большасьць ксяндзоў у рэгіёне прыехалі з Польшчы. Яны ня бралі беларускага грамадзянства. А паводле новага закону замежнаму ксяндзу нельга ўзначальваць раду каталіцкай грамады, якую ў каталікоў і праваслаўных традыцыйна ўзначальвае сьвятар.

Многія рэлігійныя суполкі, праваслаўныя ў першую чаргу, спасылаюцца на адсутнасьць узаконенага зямельнага надзелу пад бажніцамі.

Усё гэта і зьявілася прычынай таго, што за ўвесь год па прыняцьці закону зарэгістраваліся толькі 15 рэлігійных грамадаў з існуючых 321.

На прэзыдыюме згадваліся і некаторыя даволі пікантныя прычыны маруднай перарэгістрацыі. У прыватнасьці, старшыня аблсавету Валер Сяліцкі сказаў, што некаторыя праваслаўныя сьвятары з прычыны сваёй малапісьменнасьці ня могуць нават правільна скласьці заяваў – ні на перарэгістрацыю, ні на вызваленьне сваёй парафіі ад падаткаў. У гэтай сувязі спадар Сяліцкі раіў кіраўнікам раённых Саветаў сесьці і самім напісаць патрэбныя заявы за праваслаўных сьвятароў.

Старшыня рады ў справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў аблвыканкаму Ўладзімер Кляўцоў пацьвердзіў словы Сяліцкага:

(Кляўцоў: ) “Узровень гэтых сельскіх сьвятароў невысокі. Ім трэба дапамагаць”.

Прэзыдыюм аблсавету прыняў рашэньне завяршыць перарэгістрацыю рэлігійных грамадаў да ліпені наступнага году, нават не чакаючы апошняга лістападаўскага тэрміну.
XS
SM
MD
LG