Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНЦЫ ПРАПАНУЮЦЬ УЛАДАМ КАМСАМОЛЬСКІ БУЛЬВАР НАЗВАЦЬ ІМЕМ ВАСІЛЯ БЫКАВА

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Свае подпісы паставілі 517 чалавек, 417 зь якіх — жыхары бульвару ленінскага камсамолу. З савецкага часу яго заўсёды называлі толькі скарочана — у выглядзе абрэвіятуры “БЛК”, быццам саромеючыся назвы. Напачатку 1990-х гадоў тапанімічная камісія прапанавала перайменаваць яго ў бульвар Браніслава Тарашкевіча, аднак дэпутаты гарсавету не наважыліся. Ініцыятары ўвекавечаньня памяці Васіля Быкава зьвярнуліся да дэпутата гарадзкога савету Сяргея Антусевіча.

(Антусевіч: ) “Я падрыхтаваў лісты да старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Антоненкі й старшыні Гарадзенскага гарадзкога савету дэпутатаў Казялкова, а таксама да дэпутатаў — сваіх калегаў, каб яны разгледзелі гэтыя прапановы і прынялі рашэньне па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава. Гэта ня толькі прапанова аб перайменаваньні вуліцы, гэта яшчэ і ўсталяваньне мэмарыяльнай шыльды, і адкрыцьцё музэю, а таксама пабудова помніка Васілю Быкаву”.

Сёньня дэпутат перадаў прапановы жыхароў разам з падпіснымі лістамі ўладам. Цікава, што гараджане прапануюць назваць імем Васіля Быкава таксама вуліцу Сьвярдлова, на якой ён жыў апошнія гады свайго гарадзенскага побыту. Гэта, можна сказаць, на выбар уладаў. Сярод іншых — прапанова пасьмяротна надаць Васілю Быкаву званьне ганаровага грамадзяніна гораду, заснаваць быкаўскія чытаньні, літаратурную прэмію ды іншыя прапановы.

(Антусевіч: ) “Гэта постаць у беларускай культуры, яна папросту непараўнальная, відаць, у найноўшай гісторыі зь нейкімі іншымі. Я думаю, што мы павінны гэтым ганарыцца і падтрымліваць любыя памкненьні, каб памяць Васіля Быкава была належным чынам ушанаваная”.

Сяргей Антусевіч лічыць вельмі важным, што гарадзенцы сёньня маюць магчымасьць хадзіць па вуліцах князя Давыда Гарадзенскага альбо караля Стэфана Баторыя — вельмі вядомых постацяў у гарадзенскай гісторыі. У першай палове 1990-х гадоў каля дзясятка гарадзенскіх вуліц зьмянілі свае назвы. Але найбольш ідэалягізаваныя назвы засталіся — Савецкая, Сацыялістычная, Леніна, Ленінскага камсамолу. Апошняй гараджане прапануюць сёньня надаць імя Васіля Быкава, які 24 гады пражыў у Горадні, напісаўшы большасьць твораў, дзякуючы якім стаў вядомым у сьвеце пісьменьнікам.

Улады толькі ў адным апярэдзілі жыхароў гораду. Яшчэ тры месяцы таму гарвыканкам прыняў рашэньне ўсталяваць мэмарыяльную шыльду на доме, дзе жыў пісьменьнік. Праўда, саветызаваны тэкст выклікаў крытыку з боку творчай інтэлігенцыі. Зацьвердзіць рашэньне гарадзкіх уладаў наконт мэмарыяльнай шыльды, прысьвечанай Васілю Быкаву, павінен аблвыканкам, але там з гэтым не сьпяшаюцца.
XS
SM
MD
LG