Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛАЧАНЕ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ВАЦЛАВА ЛАСТОЎСКАГА


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Народнай песьняй пра волата-дуба ў выкананьні сябраў гісторыка-культурніцкага клюбу “Княжыч” пачалася гэтая імпрэза. Прысутнічалі на ёй прадстаўнікі інтэлігенцыі, дэпутаты мясцовага савету, літаратары і гурт студэнтаў Полацкага дзяржунівэрсытэту. Ладзілася ўгодкавая дзея пад стогадовым, упрыгожаным нацыянальным сьцягам і вялізным ручніком з вышытай на ім датаю жыцьця Вацлава Ластоўскага, дубам. Ад сёньняшняга дня дуб гэты носіць імя вялікага Крывіча.

У сваім слове перад прысутнымі літаратар Алесь Аркуш – аўтар ідэі ўшанаваньня памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры, казаў пра тое, што дагэтуль на Беларусі няма аніводнага помніка Ластоўскаму, як няма аніводнай памяткавай табліцы, і наданьне ягонага імя стогадоваму дубу, які ў крывічоў здаўна зьяўляецца сымбалем трываласьці – гэта сьціплая даніна ягонай памяці. Упершыню Вацлаў Ластоўскі прыяжджаў у Полацак напачатку мінулага стагодзьдзя – менавіта гэтай парою і было пасаджанае дрэва, – а таму яно і было абранае ў якасьці сымбалічнага помніку. “Мы ня зьнікнем – мы дамося ў знакі: няхай то будзе чабаровы пах, а можа маладзік ці ветах”, – гэта радкі зь верша паэта Ўладзімера Лобача, якія той прачытаў прыканцы імпрэзы. Расстраляны бальшавікамі Вацлаў Ластоўскі прыйшоў да нас у пошуме каляных лісьцяў вячыстага дубу.

(Уладзімер Лобач: )
“Настане час. На срэбных вазах
Мы завітаем у сваю гасподу
Дачка і сын ахвярным кубкам мёду
Адпрычаць замагільны страх.
І мы ня зьнікнем, мы дамося ў знакі:
Няхай то будзе чабаровы пах,
А можа маладзік ці ветах,
Ці простая сьняжынка ў валасах…”
XS
SM
MD
LG