Галоўны прыз журы пад старшынёўствам Ігара Лучанка аддала гурту з Саратава “Пасьля 11-ці”. Расейцы атрымалі бюст Уладзімера Мулявіна і 5 тысяч даляраў. Падчас фінальнага туру конкурсу, які адбыўся ў Магілёве 4 лістапада, публіка найбольш прыязна прымала менскі гурт “Харлі”, які сьпяваў па-беларуску і, паводле меркаваньняў многіх гледачоў, захаваў песьняроўскія стылістыку і настрой. Гурт “Харлі” атрымаў першую прэмію конкурсу.
Іншыя прэміі й дыплёмы атрымалі гурты з Латвіі, Сэрбіі і Чарнагорыі, Расеі і Грузіі. Спэцыяльны прыз імя беларускага сьпевака Віктара Вуячыча атрымаў удзельнік украінскай групы “21 стагодзьдзе” Зьміцер Сарацкі.
На конкурсе імя Мулявіна як госьці выступілі “Беларускія песьняры”, якія ўпершыню за некалькі гадоў выйшлі на сцэну ў Беларусі.