Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАСЁЛКУ КОПЫСЬ АДЗНАЧАЦЬ ЗАКАНЧЭНЬНЕ РЭСТАЎРАЦЫЙНЫХ ПРАЦАЎ

Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць

Але з падарунакам спазьніліся.

Упарадкаваньне гарадзкога пасёлка Копысь, дзе зьявіўся на сьвет Аляксандар Лукашэнка, было зацьверджанае афіцыйнай дзяржаўнай пастановай ды падмацавана дзяржаўнымі грашыма: згодна з пастановай Савета міністраў, прынятай 10 лютага сёлета, на добраўпарадкаваньне Копысі выдаткавана з раённага, абласнога ды рэспубліканскага бюджэтаў амаль 4 мільёны даляраў ЗША. Такой сумы на добраўпарадкаваньне ніколі не атрымлівала ніводнае мястэчка на Віцебшчыне!

І таму тутэйшыя жыхары цьвёрда перакананыя, што адзінай прычынай гэткага “эканамічнага цуду” ёсьць асабістае спрыяньне Аляксандра Лукашэнкі: маўляў, пабываў летась на сваёй радзіме, паглядзеў ды пашкадаваў.

Так ці не, але ў Копысі за гэтыя грошы адрамантавалі пасялковы савет, школу, шпіталь, некалькі крамаў, клюб, бібліятэку, пабудавалі новую пошту, АТС, добраўпарадкавалі зону адпачынку, заасфальтавалі дарогі ды правялі прыродны газ.

І ўсё ж, калі пытаесься ў жыхароў Копысі, ці задаволеныя яны такімі пераўтварэньнямі ў пасёлку, далёка ня кожны кажа, што выдаткаваныя дзяржавай грошы пайшлі выключна на іхную карысьць! Да прыкладу, прыродны газ у пасёлку падвялі толькі да ведамасных будынкаў. Шараговым грамадзянам было прапанавана праводзіць яго ў свае дамы ўласным коштам. Як вынік, з 405 гаспадароў прыватнага сэктару на гэта згадзіліся ўсяго 47, і тое “ў растэрміноўку”. Бо, каб займець у хаце газавае ацяпленьне, трэба заплаціць каля 400 даляраў, а ў пасёлку, дзе не працуе ніводнае прадпрыемства, зарабіць такіх грошай проста няма дзе.

Таму шмат хто лічыць, што хаця б частку грошай, аддадзеных на добраўпарадкаваньне пасёлку, варта было “пераразьмеркаваць” на разьвіцьцё вытворчасьці — укласьці іх у пераабсталяваньне зачыненага колькі гадоў таму керамічнага заводу. Тым болей, што сыравіны вакол дастаткова — нездарма тут здавён выраблялі вядомую “копыскую кафлю”.

Адно дырэктарка апошняга керамічнага цэху Тамара Клішо выказваецца ў гэтым сэнсе больш стрымана: спадарыня Тамара лічыць, што грошай на сапраўднае аднаўленьне керамічнага заводу ды набыцьцё сучаснага абсталяваньня трэба так шмат, што маштаб добраўпарадкаваньняў быў бы ўжо куды меншы. А як тады даваць справаздачу Аляксандру Лукашэнку, які абяцаў, як тут гавораць, зрабіць з Копысі “другі Парыж”?

Сёньня ў Копысі сьвяткуюць засваеньне дзяржаўных сродкаў, а потым, кажуць, будуць чакаць наступнага “эканамічнага цуду” — раптам зьявіцца які-небудзь недзяржаўны спонсар-зямляк ды ня толькі ахвяруе грошы, але й разьмяркуе іх на больш надзённыя патрэбы.
XS
SM
MD
LG