Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛААЗЁРСКУ ДЭМАКРАТЫЧНЫМ ДЭПУТАТАМ НЕ ДАЛІ ПРАВЕСЬЦІ СЭСІЮ ГАРСАВЕТУ

Уладзімер Глод, Менск

Намесьнік старшыні Белаазёрскага гарсавету, сябра БНФ “Адраджэньне” Юрась Губарэвіч упэўнены, што прызначэньне сэсіі на 4 лістапда цалкам адпавядае закону аб мясцовым самакіраваньні:

(Губарэвіч: ) “На мінулай сэсіі, якая адбылася на прыканцы верасьня, дэпутаты не пасьпелі разгледзець усе пытаньні. Засталіся тры пытаньні і было прынятае рашэньне вярнуцца да іх разгляду праз два тыдні, нейкім чынам іх дапрацаваўшы. Ні праз два тыдні, ні празь месяц нават старшыня савету не стаў склікаць сэсію. Тады дэпутаты вырашылі самастойна ініцыяваць правядзеньне сэсіі, як гэта нам дазваляе закон”.

Аднак Вячаслаў Дамброўскі, які адначасова зьяўляецца і старшынём выканкаму, патрабаваньне дэпутатаў праігнараваў.

(Губарэвіч: ) “Акрамя таго, ён усяляк блякаваў нашыя спробы склікаць сэсію. Ён не падпісаў ніводнага запрашэньня дэпутатам. Найбольш нас абурае тое, што ён тэлефанаваў кіраўнікам тых прадпрыемстваў ці ўстановаў, дзе працуюць дэпутаты, казаў, што сэсія не адбудзецца, і каб яны ні ў якім выпадку не адпускалі дэпутатаў ва аўторак а дзесятай гадзіне раніцы з працоўных месцаў”.

На маё пытаньне, чаму старшыня савету ня хоча склікаць сэсію, ягоны намесьнік адказвае так:

(Губарэвіч: ) “Адзінае тлумачэньне такое, што гэта ініцыятыва дэпутатаў, а не вышэйстаячай вэртыкалі. Гэты чалавек перадусім прыслухоўваецца да кіраўніцтва і абсалютна ігнаруе думку дэпутатаў”.

Я тэлефанаваў у Белаазёрск, каб даведацца асабіста ў спадара Дамброўскага, чым ён патлумачыць такую сытуацыю. Аднак мне адказалі, што старшыня гарсавету нечакана зьехаў на нейкія вучэньні, і да канца тыдня яго ня будзе.

А вось некаторыя мясцовыя дэпутаты ў размове з дэпутатамі групы “Рэспубліка” Ўладзімерам Парфяновічам і Ўладзімерам Рэзьнікавым, якія прыехалі ў Белаазёрск, зьвязваюць нежаданьне праводзіць сэсію з тым, што 23 лістапада ў горадзе пройдуць давыбары дэпутатаў. Пакуль у гарсавеце абрана толькі 13 дэпутатаў з 25. Кожная сэсія, разважаюць мясцовыя дэмакраты, гэта плюс для новых дэмакратычных кандыдатаў. Таму ўлады, маўляў, і ня хочуць праводзіць сэсіі.

Між тым, на кандыдатаў з дэмакратычнымі поглядамі, паводле расповеду Юрася Губарэвіча, цяпер учыняецца моцны ціск, каб яны здымалі свае кандыдатуры. І дзьве асобы зь дзесяці ўжо адмовіліся працягваць выбарчую кампанію.

Нагадаю, што выбары ў мясцовыя саветы адбыліся ў Беларусі ў сакавіку. Што тычыцца давыбараў, дык рашэньне аб іх правядзеньні прымаюць адпаведныя саветы дэпутатаў.
XS
SM
MD
LG