Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЎКАВЫСКАЕ “РАДЫЁ ТАКСІ” ДАГЭТУЛЬ НЕ ПРАЦУЕ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў намесьніка міністра транспарту Мікалая Верхаўца адбылася нарада. Прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, уладальнік радыётаксовак, спадзяваўся, што на нарадзе вырашаць пытаньне зь ягонай ліцэнзіяй на пасажырскія таксаперавозкі.

Загад аб прыпыненьні ліцэнзіі падпісаў міністар Міхаіл Баравы, які пакуль адсутнічае. Рэспубліканская пракуратура накіравала ў міністэрства транспарту пратэст, бо дзеяньні адносна ваўкавыскага прадпрымальніка прызнаны незаконнымі. Аднак вяртаньня сваёй ліцэнзіі Мікалай Аўтуховіч не дачакаўся. Між тым, таксоўкі былі падрыхтаваныя да выезду, чакалі працы і людзі.

(Аўтуховіч: ) “Другі дзень кіроўцы гатовыя выехаць. Мы і ў пятніцу рыхтаваліся, і ў суботу”.

Пратэст з пракуратуры паступіў у міністэрства транспарту менавіта ў пятніцу. Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што падтрымку пракуратуры можна патлумачыць у пэўнай ступені салідарнасьцю вэтэранаў вайны ў Афганістане. Ён сам удзельнічаў у ёй, і генэральны пракурор Віктар Шэйман браў удзел таксама. У іншым разе ў пракуратуры маглі б быць менш уважлівымі да сытуацыі ваўкавыскага прадпрымальніка, якога часова пазбавілі ліцэнзіі.

Сёньняшні дзень скончыўся для працаўнікоў “Радыё Таксі” з Ваўкавыску безвынікова. Загад міністра транспарту не скасаваны, ліцэнзія для прадпрымальніка Аўтуховіча па-ранейшаму прыпыненая да 20 лістапада.
Васіль Яўсей з інспэкцыі транспартнай палітыкі міністэрства паведаміў нашаму радыё, што на сёньняшняй нарадзе разглядалі пытаньні ліцэнзаваньня, але праблемы таксовак з Ваўкавыска сёньня не абмяркоўвалі.

(Яўсей: ) “Пытаньне датычыла выключна арганізацыйных працэсаў выдачы ліцэнзіяў у мінстэрстве—у сувязі са зьменай заканадаўства. Вось пра што ішла размова на нарадзе у першага намесьніка міністра”.

Пракурорскі пратэст адносна ліцэнзіі прадпрымальніка Аўтуховіча быў разгледжаны раней.

(Яўсей: ) “Унесены пракурорскі пратэст, запыт пракуратуры, ліст міністэрства падаткаў і збораў—усё гэта было разгледжана яшчэ на мінулым тыдні. Падрыхтаваны праект загаду, але рашэньне не прынятае”.

Такім чынам, праект загаду адносна вяртаньня ліцэнзіі прадпрымальніку Аўтуховічу дагэтуль не падпісаны. Выяжджаць з парку таксоўкі ня могуць, 60 чалавек па-ранейшаму застаюцца бяз працы.
XS
SM
MD
LG