Толькі ён можа падпісаць адпаведны загад. А белыя “Мэрсэдэсы” з лягатыпамі “Радыё Таксі” у рэйс сёньня так і не выехалі.
Кіраўнік адьдзелу транспартнай палітыкі Міністэрства транспарту Іван Шчэрба заявіў сёньня Радыё Свабода што да верагоднасьці аднаўленьня ліцэнзіі для службы “Радыё Таксі”:
(Шчэрба: ) “Прапановы мы такія выпрацавалі. Але апошняе слова за міністрам. Таму канчатковае рашэньне яшчэ не ўхваленае. Можа да канца дня мы прымем гэтае рашэньне.”
Гэтыя словы Іван Шчэрба прамовіў, калі накірўваўся на прыём да першага намесьніка міністра Мікалая Вярхаўца. Менавіта ён цяпер часова кіруе транспартным ведамствам у той час, як міністар Міхал Баравы камандзіраваны ў Душанбэ.
Ужо праз паўгадзіны Іван Шчэрба даў зразумець, што сёньня ніякіх зьменаў чакаць ня варта:
(Шчэрба: ) “Я ня ведаю, якое рашэньне будзе прынятае. Міністра няма на месцы. Сёньня наўрад ці нешта адбудзецца.”
Кіроўцы “Радыё Таксі” былі гатовыя выехаць на вуліцы Ваўкавыску яшчэ раніцай. Яны ўвесь дзень праседзелі ў сваіх машынах, чакаючы паперы зь Менску. Пад вечар расчараваныя супрацоўнікі разышліся па хатах. У офісе засталі толькі дыспэтчары. Адна зь іх Сьвятлана Хасанава.
(Хасанава: ) “Не падпісалі нам сёньня дазволу. Калі падпішуць? Можа заўтра. Усе засмуціліся. Усё адно заўтра мы выходзім на працу. Можа зранку падпішуць загад, і мы адразу паедзем у рэйс. Хутчэй бы пачаць працаваць, каб усё стала на свае месцы. Ужо надакучыла гэтае лайдацтва.”
У адсутнасьць міністра транспарту Міхала Баравога ягоныя падначаленыя не наважваюцца аднавіць ліцэнзію для ваўкавыскіў таксоўнікаў. Да ведама: сёньня спадар Баравы знаходзіцца ў Таджыкістане, а заўтра ён плянуе сустрэцца ў Маскве са сваім расейскім калегам Сяргеем Франкам.