Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 ЛІСТАПАДА МАГІЛЁЎСКІЯ ДЭМАКРАТЫ ПАМІНАЛІ СВАІХ ПАПЛЕЧНІКАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Акцыя дэмакратаў пачалася з кароткай цырымоніі ля крыжа, які ўсталяваны над ярам у раёне Магілёўскага мясакамбінату — у месцы масавых расстрэлаў магілёўцаў у 1920–30-я гады. Прадстаўнікі Партыі БНФ усклалі да крыжа вянок з надпісам “Вечная памяць ахвярам таталітарызму” і запалілі памінальныя сьвечкі.

Лідэр магілёўскай моладзевай суполкі Партыі БНФ Сяржук Нягацін казаў пра вялікую павагу да людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў:

(Нягацін: ) “Гэтыя людзі мелі сьмеласьць выказаць свае думкі яшчэ пры савецкай уладзе. Яны сапраўды мужныя. Вечная ім памяць. Я спадзяюся, што сюды прыйдуць людзі і праз сто гадоў, ня толькі цяпер”.

Некалькі гадоў таму ў Магілёве зьявілася новая традыцыя: ісьці на Дзяды да магілаў дэмакратаў. Мінулыя гады ўдзельнікі акцыі на Дзяды наведвалі магілы Тамары Раманьковай і Леаніда Міроненкі, а ў гэтую нядзелю — Уладзімера Голуба, якога ўспаміналі як добрага чалавека і шчырага дэмакрата. Віктар Сабалеўскі гаворыць, што менавіта Ўладзімер Голуб стаяў ля вытокаў руху БНФ на Магілёўшчыне:

(Сабалеўскі: ) “Колькі яму давялося вытрымаць — барацьба была суровая, хаця, падавалася, тыя часы былі й лепшыя. Таму пра яго памяць ня зьнікне, мы будзем памятаць, што ён стаіць у пачатку гэтага руху”.

Магілёўскія дэмакраты згадвалі вэтэранаў адраджэньня, якія нядаўна сышлі з жыцьця. Сярод іх Натальля Рослава, Сяргей Абадоўскі ды іншыя. Гэта былі людзі зусім ня сталага ўзросту, аднак многія казалі пра тое, што іх здароўе надарвала ня столькі самое змаганьне за ідэалы дэмакратыі й правы людзей, колькі немагчымасьць дасягнуць значных вынікаў менавіта ў гэтай працы ў Беларусі. Гаворыць старшыня Магілёўскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў:

(Шанцаў: ) “Сыходзяць людзі, на жаль. І памяць аб іх павінна заставацца ў нас. Разам з памяцьцю павінны перадавацца традыцыі дэмакратыі, і з гэтым мы павінны ісьці ў будучыню”.
XS
SM
MD
LG