На дадзены момант усе таксоўкі ўжо знаходзяцца на падворку прыватнай службы "Радыётаксі-22222", іх чакае дэталёвы тэхнічны агляд. Працэдура перадачы машынаў доўжылася тры гадзіны. За тым аўтамабілі праехалі вуліцамі Ваўкавыску.
Сяргей Мустаф'еў галадаў 8 дзён. Пасьля, яго завезьлі на "хуткай дапамозе" ў ваўкавыскі шпіталь. Ён пачаў прымаць ежу і апошнімі днямі падтрымліваў сваіх калегаў толькі маральна. Сёньня Сяргей сеў за руль свайго "Мэрсэдэсу". Гэтага моманту ён чакаў 21 дзень.
(Мустаф’еў: ) “Мы пастроіліся ў калёну, усе 13 машынаў, і праехалі па вуліцах Ваўкавыска. Калі людзі бачылі нашыя машыны, яны ўсміхаліся, махалі нам рукамі, хтосьці пляскаў у далоні. Зараз мы яшчэ раз праверым нашыя аўтамабілі, каб яны былі гатовымі для работы.”
Для аднаўленьня працы не хапае толькі ліцэнзіі. Міністэрства транспарту Беларусі прыпыніла тэрмін дзеяньня дазволу на таксаперавозкі да 20 лістапада.
Паводле закону арышт з машынаў не зьняты, іх папросту перадалі на захаваньне Мікалаю Аўтуховічу. Ён ня лічыць сёньняшнія падзеі канчатковай перамогай у гэтай справе.
(Аўтуховіч: ) “Дзякуй усім, хто нас падтрымлівае. Справа атрымала вялікі рэзананс. Нас усе падтрымліваюць. Улады зразумелі, што людзі нас чуюць і разумеюць, падтрымліваюць. Я думаю, што можа нават пад іх узьдзеяньнем падатковая інспэкцыя трохі адступіла, падумала і вось прыняла такое рашэньне.”
Падатковая інспэкцыя правярала Аўтуховіча шмат разоў. Паводле апошняга заключэньня ён павінен выплаціць штраф памерам 274 мільёны беларускіх рублёў.
Наступным крокам Аўтуховіча будзе спроба абскардзіць гэтае рашэньне праз суд.