Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРАНАВІЧАХ УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АХВЯРАЎ СТАЛІНСКІХ РЭПРЭСІЯЎ


Алесь Горбач, Баранавічы

Баранавіцкая арганізацыя Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў налічвае каля 80 чалавек. Гэта людзі рознага веку: хтосьці быў асуджаны за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі, хтосьці яшчэ ў дзіцячым узросьце быў вывезены ў казахстанскія стэпы разам з “раскулачанымі” бацькамі. Таму пераважная большасьць зь іх зьведала ўсе жахі таталітарнага савецкага рэжыму. Сёньня яны сабраліся ў рэстарацыі гатэлю “Гарызонт” на жалобную вечарыну, каб ушанаваць памяць тых, каго ўжо няма, каб згадаць перажытае. Вось як успамінае пачатак свайго пакутніцкага шляху палітзэка колішняя ўдзельніца Саюзу беларускай моладзі Раіса Радаман:

(Радаман: ) “Раніцай прачынаюся — прыяжджае да мяне “чорны воран”, пакуль на працу. Тут надзелі мне кайданкі на рукі. А мне васямнаццаць гадоў, я ж не бандыт які... Надзелі кайданкі, пасадзілі ў гэты “чорны воран” ды адвезьлі ў турму “Крывое кола”.

Крыўдна ахвярам рэпрэсіяў ня толькі за мінулае. Дзяржава, якая скалечыла лёсы гэтых людзей, нават не папрасіла ў іх за гэта прабачэньня. А сёньня ў рэабілітаваных адабралі нават тыя невялікія льготы, якія яны мелі на пачатку 1990-х гадоў.

Паводле старшыні Баранавіцкай арганізацыі Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Пятра Нямеры, у мясцовага бізнэсу выпрасіць нейкія сродкі на сацыяльную падтрымку былых палітвязьняў немагчыма. Зрэдку ўдаецца атрымаць гуманітарную дапамогу ад міжнародных дабрачынных арганізацыяў. Аднак і тут узьнікаюць праблемы: нядаўна за няправільнае афармленьне разьмеркаванай гуманітарнай дапамогі падатковая інспэкцыя аштрафавала арганізацыю больш як на 800 тысяч рублёў.

Падчас вечарыны ў выкананні баранавіцкай сьпявачкі Галіны Ярашэвіч гучалі песьні на вершы Ларысы Геніюш — паэткі, якая для прысутных ёсьць сымбалем мужнасьці і непахіснай адданасьці бацькаўшчыне.
XS
SM
MD
LG