Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВІН: “КАЛІ Я ГАТУЮ ДЗЕЦЯМ ЕЖУ НА КУХНІ, У МЯНЕ ПАЧЫНАЕ КРУЖЫЦЦА ГАЛАВА”


Ягор Маёрчык, Ваўкавыск

Офіс прыватнай фірмы "Радыётаксі-22222" месьціцца ў некалькіх пакоях, у кожным зь іх – сваё жыцьцё. У самым вялікім знаходзяцца галадоўнікі: хтось глядзіць тэлевізар, хтось чытае кнігі. Увесь час нехта разгадвае крыжаванкі. Пра сябе зазначаю, што кіроўцы – людзі дастаткова адукаваныя. Без асаблівых цяжкасьцяў па вэртыкалі і гарызанталі яны ўпісваюць словы "асамблея", "дуаэн", "Русо".

Мікалай Аўтуховіч размаўляе зь Сяргеем Таўкуном у сваім кабінэце. У прыёмным пакоі – сакратарка. Час ад часу прадпрымальнік выходзіць сюды і аддае загады: прынесьці тыя ці іншыя дакумэнты, зьняць зь іх копіі. Празь незачыненыя дьзверы можна назіраць, як сьледчы Сяргей Таўкун вывучае паперы, робіць занатоўкі. Калі спадар Аўтуховіч зьяўляецца ў прыёмным пакоі, я штораз пытаюся, як праходзіць сустрэча з прадстаўніком пракуратуры. Прадпрымальнік адказвае сьцісла: справа зрушылася, ёсьць прагрэс.

Учора патэлефанавалі мэдыкі і паабяцалі прыехаць, агледзець галадоўнікаў. Кіроўцы і дыспэтчары сабраліся і чакалі да поўдня – ніхто не зьявіўся.

Я зьвязаўся з кіраўніцай Ваўкавыскага тэратырыяльна-мэдычнага аб'яднаньня Галінай Цімошкай. Яна адмовілася ад учорашніх абяцаньняў сваіх калегаў і заявіла літаральна наступнае: калі нас папросяць, то мы тады дапаможам. Гэтую заяву галадоўнікі сустрэлі без асаблівага зьдзіўленьня.

Дыспэтчарка Алена Літвін не прымае ежу ўжо паўмесяца.

(Літвін: ) "Адчуваю сябе ня лепшым чынам, але ўжо крышку лепш, бо ўжо прывыкла. У мяне двое дзяцей. Дзяцей трэба карміць. Калі я гатую ім ежу на кухні, ад пахаў у мяне пачынае кружыцца галава, усё цела дрыжыць, слабасьць. Адчуваю сябе ў тыя моманты кепска. Але я стараюся ізноў прыйсьці на працу, гляджу на нашых калег і бачу, як наша мэдыцына да іх ставіцца. Ужо ня хочацца ніякай дапамогі."

Галадоўнікі тэлефануюць начальніку падатковай інспэкцыі Гарадзенскай вобласьці Віталю Кірыёнку, пытаюцца, калі ім вернуць арыштаваныя машыны. Я сяджу побач і са слухаўкі чую адказ: "машыны можаце забраць хоць сёньня, але працаваць на іх вы ўжо ніколі ня будзеце."

Паводле апошняй інфармацыі у Ваўкавыск для перамоваў з галадоўнікамі накіроўваецца пракурор Гарадзенскай вобласьці Васіль Літвінаў.
XS
SM
MD
LG