У 4-м дзіцячым садку Крычава ў нарыхтоўцы гародніны ды бульбы бралі ўдзел і супрацоўнікі, і бацькі. Пэдагагічны і тэхнічны пэрсанал садку месяц працаваў на калгасных палетках, а бацькі падзяліліся часткай уласнага ўраджаю: звычайна, два качаны капусты і два вядры бульбы.
Супрацоўніца дзіцячага садку патлумачыла, што гэта тыповая сытуацыя і нікога з бацькоў не прымушалі здаваць гародніну, усё рабілася зь іх жаданьня.
(Спадарыня: ) “За грошы, якія вызваляюцца, мы можам набыць іншыя харчы, таму што яны пастаянна даражэюць, а нормы пераглядаюцца ня так часта”.
Сярэдняя грашовая норма на аднога выхаванца дзіцячага садку ў Магілёўскай вобласьці складае сёньня прыкладна 1500 рублёў. Пры гэтым натуральныя нормы вытрымліваюцца не заўсёды, вось і шукаюць дзіцячыя ўстановы любых магчымасьцяў зэканоміць грошы і лепш карміць дзяцей. Вось што паведаміў загадчык Крычаўскага райаддзелу адукацыі Міхаіл Мазок:
(Мазок: ) “Зьвярнуліся да бацькоў на добраахвотнай аснове: хто можа дапамагчы з бульбай. Хто меў магчымасьць, той дапамог. Гэта робіцца для таго, каб зрабіць харчаваньне больш танным”.
Бацькі дапамагаюць з гароднінай ня толькі дзіцячым садкам, але і школам. За 560 рублёў, якія сёньня выдаткоўвае бюджэт на вучнёўскую ежу, цяжка прыгатаваць паўнавартасны абед. Затое калі гародніна бясплатная, за гэтыя грошы можна набываць мяса і масла.
Сёлета атрымалася, што з 60 тонаў асноўнага харчовага прадукту — бульбы, якая нарыхтаваная для дзіцячых навучальных установаў у Крычаўскім раёне, бацькі забясьпечылі 10 тонаў. Міхаіл Мазок запэўнівае, што сёлета ад людзей не паступіла на гэты конт ніводнай скаргі, хаця раней загадчыку РАНА даводзілася тлумачыць сваю пазыцыю.
(Мазок: ) “Гэта для вашага дзіцяці. Калі ў вас няма такой магчымасьці, то не рабіце гэтага. Хто думае пра дзяцей і іх харчаваньне, той гэта робіць. І людзі гэта цудоўна разумеюць”.
Крычаўскія бацькі лічаць, што калі размова ідзе пра іх дзяцей, шкадаваць харчоў не выпадае. Адзін з бацькоў выхаванца дзіцячага садку, які здаў гародніну, сказаў, што ставіцца да такіх захадаў нармалёва. Паводле ягонага меркаваньня, эканамічная сытуацыя ў беларускай правінцыі вымагае таго, каб самі людзі турбаваліся пра сябе і сваіх дзецей.
Ва ўправе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму адмовіліся афіцыйна прызнаць факт харчовай дапамогі бацькоў. Аднак, паводле дасьведчаных крыніцаў, ня толькі Крычаўскі, але і іншыя раёны Магілёўскай вобласьці ўкараняюць гэты вопыт і тлумачаць гэта клопатам пра дзяцей і іх харчаваньне.