На прыёмны пункт сыраробчага заводу толькі што прывезьлі малако з сельгаспрадпрыемства вёскі Малажын Брагінскага раёну. У таварнай накладной пазначана, што ў ім, апрача цэзію, звыш 2 бэкерэляў стронцыя. Але з гэтага малака, паводле беларускіх дапушчальных узроўняў, можна атрымліваць прадукцыю.
На перапрацоўку ідзе малако і з вышэйшымі ўзроўнямі забруджваньня. Праўда, вырабляюць зь яго масла альбо казэін. Распавядае радыёляг Валянціна Кірэйчык:
(Кірэйчык: ) “Калі забруджваньне малака цэзіем вышэй 3,7 бэкерэляў на літар, то яно ідзе толькі на выраб масла і казэіну. Для нашага раёну натуральнамалочную прадукцыю, забруджаную цэзіем звыш 3,7 бэкерэляў, мы не даем – у інтарэсах нашых спажыўцоў”.
Калгасы і саўгасы Брагінскага раёну пачалі вазіць малако на перапрацоўку ў Хойнікі ў жніўні, пасьля таго, як зачыніўся масласырзавод у Брагіне.
Радыёляг называе гаспадаркі, якія прывозяць на завод малако з перавышэньнем дапушчальных узроўняў ўтрыманьня стронцыю.
(Кірэйчык: ) “Гэта – “Пераможнік”, “Краснае”, “Чырвоная ніва”. Стронцый-90 у іхным малацэ вышэй дапушчальнага ўзроўню – 3,7 бэкерэля на літар. На мяжы гэтага ўзроўню малако ў сельгаспрадпрыемстваў імя Гагарына, Чапаева і “Шлях камунізму”. Усяго ў шасьці гаспадарках ёсьць праблемы з брудным малаком. У Хойніцкім раёне звыш нормы забруджана малако ў “Барысаўшчыне”, калгасе імя Калініна, “Стралічаве”, “Судкове”, “Хойніцкім”. У “Барысаўшчыне” ўтрыманьне стронцыю ў малацэ было найвышэйшым – 5,1 бэкерэля на літар”.
Паводле зьвестак адмыслоўцаў, на завод гаспадаркі Хойніцкага і Брагінскага раёнаў прывезьлі сёлета звыш 120 тонаў няякаснага малака, з цэзіем вышэй за норму.
Колькі паступіла малака, забруджанага звыш нормы стронцыем, на заводзе сказаць ня могуць. Дасьледаваньні на стронцый робяцца ў “чарнобыльскіх” гаспадарках абласной санстанцыяй толькі два разы ў год.
Хутка сытуацыя зьменіцца, бо нядаўна МАГАТЭ прывезла ў Хойнікі абсталяваньне для вызначэньня стронцыю ў малацэ непасрэдна на заводзе.
Цікаўлюся ў жыхароў Хойнікаў, ці ведаюць яны, што малако, сыры, сьмятана сыраробчага заводу толькі адносна чыстыя? Меркаванне пэнсіянэркі Ніны Куліцкай:
(Куліцкая: ) “Мы ня ведаем, яны забруджаныя ці не. Купляем ды ямо”.
Маладая жанчына, што назвалася Аленай, аказалася больш дасьведчанай:
(Алена:) “Я ведаю, што ў прадуктах ёсьць радыёнуліды. Каровы ядуць траву. А трава, палеткі якія? Забруджаныя! Але што ж нам рабіць?!”Ё