У Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня лічаць, што для панікі падставаў няма. Маўляў, сьнег хутка сыдзе, і працы на палетках будуць адноўленыя. Тым ня меней, вясковыя жыхары канстатуюць іншае: усё, што не было прыбранае з палёў да першага сьнегу, рызыкуе пасьля адлігі згніць. Гаворыць агратэхнік калгасу “Радзіма” на Слонімшчыне Раіса Савасьцей:
(Савасьцей: ) “Здарылася тое, што заўсёды здараецца ў нядбайных гаспадароў. “Раптам”, як паўтараецца год ад году, на галаву зваліўся сьнег, і пад ім апынулася шмат культураў. Гэта і лён, і капуста, і морква, а ў некаторых месцах непераараная бульба. А яшчэ зябліва араць трэба...”
(Карэспандэнт: ) “Але чаму так сталася, што пры канцы двух восеньскіх месяцаў ураджай гародніны яшчэ не ўпарадкаваны?”
(Савасьцей: ) “Сёлета надзвычай добры ўраджай гародніны. Заваленыя ўсе прылаўкі, кошты зусім нізкія, але ніхто яе пакуль асабліва не бярэ. Людзі імкнуліся як-небудзь адцягнуць гэтую справу, каб можа цана хоць крыху паднялася. Таму і капуста, і морква яшчэ не прыбраныя, шмат цукровых буракоў на палях засталося. А тут сьнег, мароз: карняплоды, натуральна, падмерзьлі, а пасьля, як стане цяплей, пачнуць гніць. Тычыцца гэта ня толькі калгасаў: у сваіх гаспадарках гародніна гэтаксама ў людзей не прыбраная. Капуста гэтая: ну куды ты яе падзенеш? Чакалі ўсё, калі на рынку зьявіцца які-ніякі попыт. Так што зіма прыйшла надзвычай рана. Адна толькі надзея, што надвор’е яшчэ пашкадуе нашых гаспадароў”.
У шэрагу гаспадарак сьнег і маразы, насуперак перакананьням міністэрскіх чыноўнікаў, паніку ўсё ж выклікалі. Жывёлавод калгасу імя Фрунзэ Гарадзенскай вобласьці спадар Станіслаў распавёў, што ў іхнай гаспадарцы спрабавалі ратаваць ураджай літаральна з-пад сьнегу. Прычым, на гэты момант былі спыненыя ўсе астатнія працы.
(Станіслаў: ) “Аўрал быў поўны: ганялі на лён, на буракі й на бульбу. Прычым, і мэханізатараў, і канторскіх, усіх — жывых і мёртвых. Тое, што сьнег зваліўся на нямёрзлую зямлю — гэта, натуральна, дрэнна. Калі ўжо выбіраць з горшага, то зямля павінна быць мёрзлай. Бо таму ж ільну патрэбна сухата, а напярэдадні было мокра, а потым схапіў мароз. Пачнецца адліга — пагніе, а ў калгасе заставалася льну яшчэ гектараў сорак. А яшчэ ж морква, буракі; купусту не пачыналі прыбіраць. Шмат клопатаў. Капуста, зрэшты, 5–7 градусаў марозу вытрымаць можа, а вось буракі нават мінімальных замаразкаў баяцца. А на такой плошчы іх нічым не закрыеш. У мяне, дарэчы, свая капуста сечаная пад хлявом ляжыць — няма куды падзець. Паўнютка яе ўсюды, сьвіньні будуць есьці. Капусты павырастала — ніколі столькі ня меў. Каровы і сьвіньні поўным ротам ядуць. Расьціць расьцім, а дзеля каго?”
Адмыслоўцы-аграрыі кажуць, што кожная ноч, праведзеная пад сьнегам, згубная для ўраджаю — найперш для буракоў і морквы. Сыноптыкі тым часам не абяцаюць хуткага і істотнага пацяпленьня: прынамсі, маразы могуць захавацца да сярэдзіны наступнага тыдня. Таму ў калгасах зьбіраюцца пайсьці шляхам прыватных гаспадароў: падмерзлай капустай і буракамі будуць карміць жывёлу.