Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АТ “СЬВЕТЛАГОРСКІ ЦЭЛЮЛОЗНА-КАРДОННЫ КАМБІНАТ” ЗНОЎ СТАЛА ДЗЯРЖАЎНЫМ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

Яшчэ 25 чэрвеня, будучы ў Сьветлагорску, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што забярэ акцыі цэлюлозна-кардоннага камбінату і зробіць яго дзяржаўным.

Да апошняга часу дзяржава мела ў статутным фондзе камбінату крыху больш за 47%. Неўзабаве ейная доля перавысіць 75%.

У канцэрне “Беллесбумпрам” сьцвярджаюць, што паводле распараджэньня ўраду “Белпрамбудбанк” выдзяляе светлагорскаму камбінату крэдыт у памеры 11 мільярдаў беларускіх рублёў і 9,7 мільёна даляраў ЗША.

Сплачваць крэдыт сьветлагорцы будуць за кошт уласных сродкаў і дадатковай эмісіі акцыяў. Гэтыя дадатковыя акцыі камбінат і перадасьць Дзяржкаммаёмасьці. На выпуск акцыяў нібыта атрыманая згода ўсіх акцыянэраў, у тым ліку трох расейскіх кампаніяў і рабочых камбінату.

Намесьнік генэральнага дырэктара АТ “Сьветлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” у пытаньнях эканомікі Валеры Раманенка сьцвярджае, што рабочыя камбінату нават не заўважаць паніжэньня ўдзельнай вагі сваіх акцыяў у статутным фондзе.

(Раманенка: ) “У фізычных асобаў надзвычай малая доля акцыяў. Тры тысячы акцыянэраў з усёй рэспублікі валодаюць 12% акцыяў. Калі ў чалавека тысячная доля працэнта акцыяў, і яна крыху зьменьшыцца, то нікому ад гэтага ня будзе ні халодна, ні горача. Калектыў і дырэкцыя ад дзяржавы ніколі сябе не аддзялялі. Рэканструкцыя і павелічэньне магутнасьці камбінату выгадна дзяржаве, калектыву і, канечне, акцыянэрам. Кошт акцыяў ня зьнізіцца, а што ўдзельная вага іх упадзе адсоткаў на 30, то, з улікам нязначнай долі акцыяў, гэтага ніхто не заўважыць”.

З нагоды вяртаньня камбінату ў дзяржаўныя рукі сьветлагорскі акцыянэр Аляксандар Мікалаеў сказаў радыё Свабода:

(Мікалаеў: ) “У гэтай краіне нічога людзкага ня рабілася, ня робіцца і рабіцца ня будзе пры цяперашнім рэжыме. Гэта ўсё гульня. Ці цяпер адбяруць, ці заўтра, ці пасьлязаўтра – адна халера. Што такое акцыянэрнае таварыства ў Беларусі? Казку пра пшык чыталі? Гэта г ульня бяз правілаў! Вось такая мая думка.”
XS
SM
MD
LG