Галадоўка пачалася пасьля таго, як падатковая служба арыштавала 13 аўтамабіляў, працу страцілі 35 чалавек. Для абслугоўваньня кліентаў засталося толькі сем таксовак, а зь сёньняшняга дня — ніводнай.
(Аўтуховіч: ) “Загадам Міністэрства транспарту, які падпісаў Баравы, наша ліцэнзія прыпыняецца на месяц. У таксі задзейнічаныя 60 чалавек. 60 чалавек сёньня ня маюць працы”.
Прадстаўнік Аўтуховіча накіраваўся сёньня ў Менск у Міністэрства транспарту. Міністар Міхаіл Баравы ў адпачынку, але ягоны намесьнік згадзіўся пры канцы дня разгледзець праблему таксоўцаў. У Ваўкавыску ім спачуваюць.
(Аўтуховіч: ) “Людзі прыходзяць з самага ранку, тэлефануюць, гавораць: трымайся, усё будзе нармальна. Тэлефануюць кіраўнікі прадпрыемстваў, цэлыя калектывы, выказваюць падтрымку. Некаторыя нават плачуць, калі тэлефануюць, гавораць: нам вас шкада. У горадзе, кажуць, што ўсе паўсюдна, куды ні зойдзеш, толькі пра гэта і гавораць. Падзея неардынарная, напэўна нячаста чуеш, што там столькі чалавек абвесьцілі галадоўку”.
На патрабаваньні галадоўнікаў пачынаюць рэагаваць. Іх наведаў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка і паабяцаў, што сёньня, у скрайнім выпадку, у аўторак арыштаваныя машыны вернуць. Праўда, прынамсі сёньня ў першай палове дня іх яшчэ не вярнулі. Аднак часткова разблякавалі рахунак прадпрымальніка Аўтуховіча, каб ён змог выплаціць заробкі людзям. А гэтага таксама патрабавалі галадоўнікі.
Зь мінулай серады галадае Сяргей Мустафін, якому 24 гады. Сяргея аглядаў доктар і зазначыў, што ягоны стан здароўя выклікае трывогу.
(Мустафін: ) “Галава пачынае кружыцца, хістае з боку ў бок, ня вельмі добрае адчуваньне, і даволі непрыемнае. Асабіста мне сказалі, што ў мяне штосьці не ў парадку зь печаньню і страўнікам. Узялі аналізы, увечары патэлефанавалі і сказалі піць больш вады, да трох літраў у дзень. Дома чакае сям’я, жонка тэлефануе кожны дзень, перажывае”.
Але ня толькі жонка падтрымлівае Сяргея:
(Мустафін:) “У мяне дзіця нарадзілася, два месяцы дачцэ, тэлефанаваў, яна агукае ў слухаўку мне”.
Ад шпіталізацыі Сяргей Мустафін адмовіўся, вырашыў: пакуль магчыма, заставацца зь сябрамі, разам зь якімі галадае зь мінулай серады.