Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАРШЫНЯ БАРЫСАЎСКАГА РАЙСАВЕТУ ПЁТАР НАВІЦКІ ПАДРАБЛЯЎ ДАКУМЭНТЫ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Цяпер пракуратура скіравала ў Менскі абласны савет дэпутатаў прадстаўленьне “для ініцыяваньня пытаньня пра мэтазгоднасьць знаходжаньня” Пятра Навіцкага на пасадзе старшыні Барысаўскага райсавету.

Расьсьледаваньнем справы Пятра Навіцкага сярод іншых займаўся сьледчы Барысаўскае раённае пракуратуры Віталь Арцюшкевіч. Паводле сьледчага, гэта першая падобная справа ў Менскай вобласьці:

(Арцюшкевіч: ) “Быў выяўлены факт службовага падлогу. Ён даказаны матэрыяламі крымінальнае справы цалкам”.

Падзеі адбыліся яшчэ ў 2000 годзе. Маці дзяўчыны, якой падрабілі атэстат, — супрацоўніца Барысаўскага райвыканкаму. Яна папрасіла Пятра Навіцкага, каб той аформіў дзяўчыну як вучаніцу адной зь сельскіх школаў, якую ўзначальваў спадар Навіцкі. Такім чынам выпускніца займела магчымасьць падаць дакумэнты адразу ў дзьве ВНУ. І дзяўчына паступіла ў адну з ВНУ паводле падложнага атэстату.

Падобнае службовае злачынства паводле Крымінальнага кодэксу ня мае значнай грамадзкай небясьпекі, прадугледжвае максымальнае пакараньне да двух гадоў зьняволеньня. Для гэтага злачынства тэрмін даўніны — два гады. Адпаведна прыцягнуць да крымінальнае адказнасьць спадара Навіцкага цяпер немагчыма. Тым ня менш, пракуратура завяла крымінальную справу з маральных прычынаў. Тлумачыць Віталь Арцюшкевіч:

(Арцюшкевіч: ) “Улічваючы тое, што Навіцкі займае цяперашнюю пасаду, першым намесьнікам пракурора Менскае вобласьці было прынятае рашэньне завесьці крымінальную справу. То бок, не пакінуць дадзены факт па-за ўвагай і па-за агалоскай”.

Цяпер прадстаўленьне пракуратуры маюць разгледзець у Менскім абласным савеце. Зрэшты, старшыня Менаблсавету Алег Кузьняцоў можа толькі паставіць пытаньне перад дэпутатамі. А прыняць рашэньне пра адхіленьне ад займанай пасады старшыні Барысаўскага райсавету Пятра Навіцкага могуць толькі самі дэпутаты савету.
XS
SM
MD
LG