Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАБРУЙЧАНКА ГАЛІНА ГУСЕВА СПЫНІЛА ГАЛАДОЎКУ, А ЛЮБОЎ САНКЕВІЧ ГАЛАДУЕ 17-Ы ДЗЕНЬ


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск

Бабруйчанка Галіна Гусева цягам трох гадоў патрабуе ад уладаў справядлівасьці ў вырашэньні яе жыльлёвага пытаньня. Разам зь Любоўю Санкевіч яна абвесьціла галадоўку на знак пратэсту і пратрымалася бязь ежы 16 дзён. Усе гэтыя дні Галіна, 50-гадовая пэнсіянэрка, працавала на рынку. У жанчыны пяцёра дзяцей, малодшым 17 і 18 гадоў, і яна тлумачыла, што, як бы ні было млосна, трэба зарабляць грошы на жыцьцё.

Ні чыноўнікі, ні мэдыкі так і не пацікавіліся станам здароўя жанчыны, якая галадуе. Галіна адчувае сябе вельмі дрэнна, тым больш што раней жанчына перанесла анкалягічную апэрацыю. Апошнія дні ў яе сталі балець страўнік, унутраныя органы, і дзеці пераканалі яе ў неабходнасьці спыніць галадоўку.

“Няма больш сілаў. Ніхто на нас не зьвяртае ўвагі, а я яшчэ патрэбная дзецям”, — сказала Галіна. Апошняя надзея жанчыны — акцыя пратэсту ў Менску, якая плянуецца ў наступную сераду. Бабруйчанкі мяркуюць правесьці яе ў раёне мэтро “Кастрычніцкая” з плякатам “Мы тры гады дамагаемся сустрэчы з прэзыдэнтам”.

Любоў Санкевіч працягвае галадоўку, і сёньня — 17-ы дзень. Яна атрымала адказ ад Міністэрства юстыцыі, куды паведаміла аб фальсыфікацыі сваёй судовай справы пра незаконнае звальненьне. Любоў не задаволеная адказам, бо, паводле яе словаў, сталічныя чыноўнікі нават не запатрабавалі з Бабруйску самую справу. Таму Любоў Санкевіч лічыць: адзінае, што ёй засталося, — гэта пратэставаць на вуліцах Менску.
XS
SM
MD
LG