Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭДАКТАР БАРАНАВІЦКАЙ ГАЗЭТЫ ЗНОЎ ВЫКЛІКАНЫ Ў ПРАКУРАТУРУ


Алесь Горбач, Баранавічы

Памочнік пракурора гораду Баранавічы Зоя Жук патлумачыла Анатолю Вайцяхоўскаму, што з Генэральнай пракуратуры ізноў прыйшоў запыт адносна супрацоўніцтва ягонага выданьня з “Белорусской деловой газетой”, а таму неабходна удакладніць некаторыя дэталі.

Пытаньні, паводле спадара Вайцяхоўскага, не вызначаліся навізной. Як і папярэднія два разы, Баранавіцкую пракуратуру ізноў цікавіла, на якой падставе матэрыялы БДГ зьявіліся ў “Местной газете “Шаг””, ад каго зыходзіла гэткая ініцыятыва, як распаўсюджваліся два апошнія нумары газэты.

Анатолю Вайцяхоўскаму давялося трэці раз паўтарыць, што ён сам на знак журналісцкай салідарнасьці прапанаваў старонкі свайго выданьня “Белорусской деловой газете”, выхад якой быў прыпынены Мінюстам на тры месяцы. Пракуратура запатрабавала чарговы раз таксама і копіі домоваў на распаўсюд ды друк газэты.

Паводле Анатоля Вайцяхоўскага, пракурорская тэчка зь ягонай справай значна патаўсьцела ад таго часу як яго папярэдні раз выклікалі на размову. У прыватнасьці, яна папоўнілася зьвесткамі з Саюздруку, гарадзкой бібліятэкі, іншых установаў. Для чаго вядзецца збор такіх матэрыялаў, спадару Вайцяхоўскаму пакуль не тлумачаць.

Між тым самая “Местная газета “Шаг”” ужо больш як два месяцы не выходзіць. Пасьля друку матэрыялаў БДГ у сваіх паслугах адмовілі выданьню Слонімская ды Нясьвіская друкарні. Іншыя паліграфічныя прадпрыемствы, у якія зьвяртаўся спадар Вайцяхоўскі, заключаць дамовы таксама адмаўляюцца.
XS
SM
MD
LG