Звычайна напярэдадні ацяпляльнага сэзону пажарнікі правяраюць і школы, і інтэрнаты. Цяперашняя праверка досыць адрозьніваецца ад шэраговых. Гэтым разам камісія аблвыканкаму ў справах надзвычайных сытуацыяў сабрала 470 адмыслоўцаў для праверкі пажарнай бясьпекі. І вызначыла нават чарговасьць: напачатку праверыць 27 інтэрнатаў, потым – шпіталі, школы, фельчарскія пункты, клюбы.
Узначальвае гэты дэсант кіраўнік управы надзвычайных сытуацыяў Аляксандар Лужкоў. Учора ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёну ён асабіста правяраў школу-інтэрнат для дзяцей з аслабленым зрокам і мясцовы шпіталь.
Вынікі праверкі будуць падсумаваныя ў аблвыканкаме ў наступны панядзелак. Вядома аднак, што ў Чыгуначным раёне абласнога цэнтру пажарнікі маюць прэтэнзіі ажно да сямі школаў, якія не абсталяваныя належным чынам з пункту гледжаньня проціпажарнай бясьпекі.
Ня ўсё добра зь бясьпекай і ў шэрагу сельскіх школаў і шпіталяў. Першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Бяляеў папярэдзіў, што празь дзесяць дзён будзе асабіста ездзіць зь міліцыяй, супрацоўнікамі пракуратуры, журналістамі, і пры выяўленні парушэньняў пажарнай бясьпекі адразу будзе звальняць за гэта дырэктараў, галоўных лекараў. Карацей, любых кіраўнікоў, у чыіх установах нешта будзе не ў парадку.
Караць ня будуць толькі за адсутнасць сродкаў апавяшчэньня пра пажарную небяспеку. Усё ўпіраецца ў нястачу фінансавых сродкаў. Каб набыць іх у інтэрнаты, школы, шпіталі, патрэбна 15 мільярдаў рублёў. Такіх грошай у бюджэце рэгіёну няма.
Вядома, што на Гарадзеншчыне падчас пажару ў шпіталі для псыхічна хворых загінулі прынамсі 30 пацыентаў. На Гомельшчыне статыстыка таксама ўражвае. У апошнія гады з прычыны пажараў гіне блізу паўтары сотні людзей, у тым ліку і шмат дзяцей. У мінулым ацяпляльным сэзоне ў вёсцы Сьвяцілавічы Веткаўскага раёну ў агні загінулі адразу чацьвера малалетніх дзяцей разам з бабуляй.
Гінуць часьцей за ў агні тыя, хто нападпітку паліць у ложку. Гінуць таксама паджылыя людзі, у каго няспраўныя печы. Дарэчы, на апошнюю акалічнасьць ўправа надзвычайных сытуацыяў зьвяртала ўвагу ўладаў. Аднак улады ня маюць нейкай канкрэтнай праграмы паратунку старых людзей ад агню.