Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ АДЗНАЧЫЛІ ГАДАВІНУ ЗЬНІШЧЭНЬНЯ ГАБРЭЙСКАГА ГЕТА


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня каля памятнага знаку, надпісы на якім на беларускай мове і іўрыце нагадваюць пра 34 тысячы загінулых габрэяў, сабралася прыблізна 60 чалавек. Кіраўнік габрэйскай суполкі Берасьця Барыс Брук кажа, што ўвогуле ў горадзе цяпер жыве каля 700 чалавек, якія лічаць сябе габрэямі. Большасьць зь іх — сталага веку, а таму халоднае надвор’е і стан здароўя не далі ім узяць удзелу ў жалобнай цырымоніі.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці адчуваюцца цяпер у Беларусі праявы антысэмітызму, спадар Брук распавёў:

(Брук: ) “У нас на дзяржаўным узроўні, ва ўсялякім выпадку, вуснамі прэзыдэнта, было абвешчана, што антысэмітызму няма. Магчыма, вонкава гэтага сапраўды не адчуваецца. Але на пабытовым узроўні антысэмітызм захоўваецца ў розных праявах. Гэта відаць з барбарскага стаўленьня да магілаў, са зьнявагі памяці тых, хто загінуў падчас другой сусьветнай вайны ў барацьбе з фашызмам, са зьнявагі помнікаў. Гэта ўсё, зразумела, ёсьць — на жаль”.

Варта заўважыць, што за апошнія гады памятны знак, што ўзьведзены на месцы былога гета, тройчы быў апаганены вандаламі, а адзін са спартовых аб’ектаў Берасьця, стадыён “Лякаматыў”, фактычна пабудаваны ў савецкі час на габрэйскіх могілках. Мясцовыя ўлады пакуль не даюць пэўнага адказу на прапанову габрэйскай суполкі Берасьця ўсталяваць у гэтым месцы мэмарыяльны знак.

Жалобныя ўрачыстасьці з нагоды гадавіны зьнішчэньня берасьцейскага гета адбыліся сёньня таксама на гарадзкіх могілках і каля чыгуначнай станцыі Бронная Гара ў Бярозаўскім раёне, дзе падчас вайны былі расстраляныя 55 тысяч габрэяў.
XS
SM
MD
LG