Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАЎКАВЫСКУ ГАЛАДАЕ ПРАДПРЫМАЛЬНІК


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Мікалай Аўтуховіч мае фірму “Радыётаксі 22222”, а таксама іншую маёмасьць. Галадае ён у сваім офісе. Калі мы размаўлялі зь ім па тэлефоне, затэлефанаваў доктар, які хацеў прыехаць, каб спраўдзіць стан галадоўшчыка, які толькі п’е ваду.

(Аўтуховіч: ) “Гэта папросту акцыя запалохваньня, разумееце. Яны маглі прыйсьці, узяць у мяне падпіску, запісаць мае будынкі. Ці паразмаўляць са мной: што ты нам дасі ў заклад на гэтую суму? Калі ласка: забірайце базу, апісвайце, але навошта пазбаўляць людзей працы? Тут ўсё наладжана, мы хацелі яшчэ закупляць машыны. Яны ўзялі арыштавалі рахунак, я заробак шафёрам не магу выплаціць”.

Паводле Мікалая Аўтуховіча, у апэрацыі ўдзельнічалі нават аўтаматчыкі. Усяго у фірме 18 таксовак. Шафёры пайшлі да старшыні гарвыканкаму Міхаіла Савельева: маўляў, дапамажыце.

(Аўтуховіч: ) “Гэта ўсяго 35 чалавек сёньня бяз працы, яны хочуць страйкаваць. Мэр гаворыць: я вам праз два дні адкажу. Сёньня ён ім адказаў, што нічога зрабіць ня можа. Яны заўтра – хто хоча рэйкі перакрываць, хто хоча галадаць. Але я супакойваю, кажу: па-першае, рэйкі перакрываць—гэта парушэньне заокну. А яны: нас так, Мікалаевіч, ніхто не пачуе. Нам трэба нешта радыкальнае рабіць”.

Мікалай Аўтуховіч гаворыць, што ягоная фірма радыё-таксі існуе паўтары гады. Раней не было парадку, таксоўцы называлі любы адвольны кошт. У Аўтуховіча сябра ў Гамбургу мае 130 таксовак. Ён таксама вырашыў у Ваўкавыску зрабіць фірму эўрапейскага тыпу: толькі мэрсэдэсы, радыёсувязь. Штодзень 400-450 кліентаў, па сьвятах—да 1100. Сталых кліентаў улічваюць, на каталіцкія Каляды іх запросяць у рэстарацыю, дзе адбудзецца розыгрыш прызоў агульным коштам 2000 даляраў, сказаў мне Мікалай Аўтуховіч.

Аднак, усяго гэтага можа і ня быць. Людміла Сямашка з абласной падатковай службы паведаміла, што праверка дзейнасьці прадпрымальніка Аўтуховіча яшчэ не закончаная. “Яму будуць прад’яўленыя да спагнаньня вельмі значныя сумы, таму магчыма, што нават усёй яго маёмасьці ня хопіць, каб аплаціць штраф”, – сказала Людміла Сямашка з падатковай службы.
XS
SM
MD
LG