Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАТЫРЫ АФІЦЭРЫ ЎНУТРАНАЙ СЛУЖБЫ ЎЦЯКЛІ ЗЬ БЕЛАРУСІ, МАГЧЫМА Ў ВЯЛІКУЮ БРЫТАНІЮ


Марыя Усьціновіч, Магілёў

У абласным ўпраўленьні ўнутраных справаў карэспандэнту радыё Свабода афіцыйна пацьвердзілі, што чатыры афіцэры ўнутранай службы сапраўды ня выйшлі на працу, і што цяпер праводзіцца праверка ўсіх абставінаў здарэньня.

Паведамляецца, што чатыры супрацоўнікі адной з выпраўленчых устаноў Магілёўскай вобласьці некалькі дзён без папярэджаньня не зьявіліся на працы. Газэта «Вячэрні Магілёў» піша, што калі празь нейкі час узламалі службовыя сэйфы, то былі знойдзеныя пасьведчаньні ўцекачоў і рапарты на звальненьне з праваахоўчых органаў.

Газэта выкладае адну з вэрсіяў таго, што адбылося з супрацоўнікамі калёніі. Выданьне пры гэтым спасылаецца на свае крыніцы інфармацыі, якія, маўляў, заслугоўваюць даверу. Паводле газэты, адзін з уцекачоў паехаў у Вялікую Брытанію да сваёй сяброўкі, а іншых у замежжа прыцягнула магчымасьць працы з прыстойным заробкам.

Паводле інфармацыі, якой валодае «Вячэрні Магілёў», уцекачоў расшукваюць. Усе чацвера два-тры гады таму скончылі Акадэмію міністэрства ўнутраных справаў: навучаліся за сродкі дзяржавы і заключылі дамову на адпрацоўку на працягу 5 гадоў, аднак, атрымліваецца, што свае абавязацельствы ня выканалі. Такім чынам, яны мусяць вярнуць грошы, выдаткаваныя на навучаньне. Яшчэ адной падставай для вышуку ўцекачоў стала валоданьне пэўнай службовай інфармацыяй, піша газэта.

У прэсавым цэнтры Магілёўскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў карэспандэнту радыё Свабода таксама афіцыйна пацьвердзілі той факт, што днямі чатыры супрацоўнікі адной з выпраўленчых калёніяў рэгіёну (якой канкрэтна – не называецца) сапраўды не выйшлі на працу і нібыта зьехалі з краіны. Аднак куды і зь якой прычыны – высьвятленьнем гэтых акалічнасьцяў зараз займаецца ўправа ўласнай бясьпекі. Толькі пасьля заканчэньня праверкі, падкрэслілі ў прэсавым цэнтры, будуць агучаныя ўсе падрабязнасьці гэтага здарэньня.
XS
SM
MD
LG