Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ АБМЕЖАВАЛІ ПРЫЁМ ПРАГРАМАЎ РТР


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Праграмы РТР ужо ня могуць глядзець жыхары Брагіна, Жлобіна, Мазыру. На тэлеканале, які да гэтага часу быў заняты перадачамі РТР, распачата трансьляцыя праграмаў Гомельскага абласнога тэлерадыёаб’яднаньня. Распавядае дырэктар рэгіянальнага вузлу тэлерадыёсувязі Сяргей Пунтус:

(Пунтус: ) “Мы дзейнічаем паводле распараджэньня Белтэлерадыёкампаніі. Яна ў нас зьяўляецца заказчыкам. У Жлобіне, Брагіне, некаторых іншых месцах наогул не было абласнога тэлебачаньня. Цяпер тут ня стала РТР. На ягоным тэлеканале цяпер трансьлюецца абласная тэлепраграма”.

Пагоршыўся прыём тэлеперадачаў РТР у Петрыкаўскім раёне. Тут на тэлерадыёстанцыі Сьмятанічы расейскі і гомельскі тэлеканалы памянялі месцамі. Больш магутны перадатчык з пашырэньнем зоны ўстойлівага прыёму стаў працаваць на абласное тэлебачаньне.

(Пунтус: ) “Паколькі памянялі каналы, і на РТР цяпер перадатчык слабейшы, то жыхары Петрыкаву сталі скардзіцца на дрэнны прыём расейскіх тэлеперадачаў. Скардзіліся ў першую чаргу тыя, хто прымаў тэлеперадачы з дапамогаю пакаёвых антэнаў. Раней сыгнал РТР быў моцны, праблемаў з прыёмам не было. Цяпер трэба на дах выносіць антэну, але прынцыпова прыём магчымы”, — сьцьвярджае Сяргей Пунтус.

Цяперашняе абмежаваньне трансьляцыі РТР зьяўляецца ўжо трэцяй хваляй наступу на расейскае тэлеінфармацыйнае поле ў Беларусі. Спачатку было абмежаванае вяшчаньне незалежнага тэлеканалу НТВ. Цяпер яго могуць глядзець толькі жыхары абласнога цэнтру. Іншым гарадам яно даступнае пры ўмове, калі там ёсьць кабэльнае тэлебачаньне і спадарожнікавыя антэны, якія могуць прымаць НТВ.

З пачатку гэтага году быў перакрыты і расейскі тэлеканал “Культура”. Ягонае месца таксама заняло рэгіянальнае афіцыйнае тэлебачаньне.

Газэта “Комсомольская правда в Беларуси” са спасылкай на сваю чытачку зь Ліды паведамляе, што і на захадзе краіны, прынамсі, у Лідзе трансьляцыя РТР спыненая, замест гэтага каналу ідзе Берасьцейскае абласное тэлебачаньне. У Лідзе, паведамляе “Камсамолка”, цяпер не ідзе ніводзін расейскі тэлеканал.
XS
SM
MD
LG