Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫЧАЎСКІ ПРАДПРЫМАЛЬНІК ПРАЦЯГНЕ БАРАЦЬБУ ЗА РЭГІСТРАЦЫЮ ГАЗЭТЫ “ЎЛАСНЫ КАМЭНТАР”


Марыя Усьціновіч, Магілёў

Крычаўскі райвыканкам адмаўляецца ўзгадняць разьмяшчэньне рэдакцыі газэты “Ўласны камэнтар”, якую зьбіраецца выдаваць Уладзімер Кудраўцаў. Аднак крычавец працягне барацьбу за рэгістрацыю свайго выданьня.

Судзьдзя Магілёўскага гаспадарчага суду Надзея Падчышчалава правяла судовае слуханьне ў справе Ўладзімера Кудраўцава за зачыненымі дзвярыма. Яна заявіла, што ёй не патрэбныя пабочныя назіральнікі ў гэтым судовым працэсе.

У выніку двухгадзіннага паседжаньня судзьдзя вынесла пастанову пакінуць пазоў прадпрымальніка да Крычаўскага райвыканкаму без разгляду, бо Ўладзмер Кудраўцаў не выканаў дасудовы парадак. Раённыя ўлады адмаўлялі яму ва ўзгадненьні юрыдычнай адрэсы рэдакцыі двойчы, аднак толькі адное рашэньне было абскарджанае ў Магілёўскім аблвыканкаме.

Пасьля суду Ўладзімер Кудраўцаў заявіў наступнае.

(Кудраўцаў: ) “Несумнеўна мы будзем працягваць барацьбу, каб дамагчыся перамогі. У нас у Крычаве толькі адна газэта – «Ленінскі кліч», дакладней – «Ленінскі крык», і таму трэба абуджаць гэтых савецкіх людзей, якія абалваненыя камуністычнай прапагандай”.

Уладзімер Кудраўцаў і ягоны прадстаўнік у судзе Мікалай Маторанка распавялі, што з дапамогай дакумэнтаў зь міністэрстваў інфармацыі і юстыцыі ім удалося пераканаць судзьдзю ў тым, што патрабаваньні крычаўскага выдаўца правамерныя, бо індывідуальны прадпрымальнік можа ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць на хатняй адрэсе. А гэта і ёсьць сутнасьць справы.

Такім чынам пазоўнік мае намер выканаць дасудовы парадак (гэта зойме прыкладна паўтары месяцы) і зноў зьвярнуцца у гаспадарчы суд з тым, каб ліквідаваць перашкоду, якую чыніць Крычаўскі райвыканкам ў рэгістрацыі недзяржаўнай інфармацыйна-аналітычнай газэты “Ўласны камэнтар”.
XS
SM
MD
LG