У той жа час польскiя вытворцы i гандляры спадзяюцца, што ўвядзеньне вiзаў не паўплывае на гандлёвыя адносiны на памежжы.
У цягнiках, што рухалiся сёньня зь Берасьця у бок Польшчы, пасажыраў амаль не было. У самай першай ранiшняй электрычцы, якая прыбыла на польскую чыгуначную станцыю Тэрэспаль, ехала каля дзясятка чалавек. Усе яны мелi адпаведную вiзу, бо ад 1 кастрычнiка грамадзяне Беларусi iнакш ня могуць наведваць суседнюю краiну.
Зьнiклi чэргi i на самым буйным аўтамабiльным пераходзе "Варшаўскi мост" каля Берасьця. Гэта паўплывала на колькасьць пакупнікоў у польскiх крамах, што месьцяцца на памежжы дзьвюх краiнаў. Затое з польскага боку чарга аўтамабiляў расцягнулася на некалькi кiлямэтраў. Яна складаецца з машынаў, што маюць беларускiя нумары i якiя трапiлi ў Польшчу яшчэ напярэдаднi ўвядзеньня вiзаў.
Грамадзяне Беларусi, што вяртаюцца на радзiму, не хаваюць сваёй заклопачанасьцi ў сувязi з увядзеньнем польскiх вiзаў. Цi адаб'ецца гэтая акалiчнасьць на дабрабыце беларусаў, што прызвычаiлiся набываць больш танныя тавары ў Польшчы:
(Спадарыня: ) "Безумоўна адаб'ецца. Тут адсоткаў 80 берасьцейцаў i хоць крышку яны заробяць. А наагул, дзе ў нас праца i дзе можна рэальна зарабiць? А ў Польшчы мы здолеем i харчы, i iншы тавар набыць. I вось нават зараз мяжа ўжо пустая: зь беларускага боку нiводнай машыны. А тут такая вялiзярная чарга. Ўсё, народ ўжо не паехаў".
Шмат хто зь беларускiх грамадзянаў ужо занепакоены тым, што пасьля ўвядзеньня польскiх вiзаў, яны пазбавiцца сродкаў на iснаваньня. З аналягiчнымi праблемамi сутыкаюцца i жыхары памежнай польскай тэрыторыi, дзе назiраецца вельмi высокi ўзровень беспрацоўя.
Разам з тым, сярод гандляроў тэрэспальскiх крамаў пануе стрыманы аптымiзм: яны лiчаць, што празь некаторы час беларускiя грамадзяне вернуцца ў Польшчу на закупы, i вiзы ня будуць гэтаму перашкодай.
(Польскi гандляр: ) "Мы яшчэ ня ведаем, як будуць адбывацца падзеi, час пакажа. Можа гэта адбудзецца не адразу, але я ўпэўны, што беларусы вернуцца ў Польшчу. Яны ведаюць якасьць нашага тавару i ягоны кошт. Мы яшчэ дакладна ня ведаем, калi гэта адбудзецца. Я лiчу, што трэба пачакаць месяц-другi".
А пакуль некаторыя польскiя гандляры прыпынiлi сваю дзейнасьць на мяжы зь Беларусяй, спаслаўшыся на малую колькасьць пакупнiкоў.