Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫ АБСЭ ЗНАЁМЯЦЦА З ПРАКТЫКАЙ АЛЬТЭРНАТЫЎНЫХ ВІДАЎ ПАКАРАНЬНЯ Ў БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ

Казімер Яноўскі, Мазыр

Цяпер у рэгіёне ў месцах пазбаўлення волі знаходзіцца каля 10 тысячаў асуджаных. Зь іх толькі 12% мера пакарання замененая на больш лёгкі рэжым. На так званае вольнае пасяленьне з абавязковай прымусовай працай пераведзены з турмаў 1200 чалавек.

У Мазырскай папраўчай установе зараз знаходзіцца 265 асуджаных, у тым ліку 106 жанчынаў. Гэта як правіла тыя, хто пакараны судамі да зьняволеньня за крадзёж, бойкі ў сям’і, няўплату алімэнтаў дзецям пасьля пазбаўленьня бацькоўства ці мацярынства.

Менавіта за няўплату алімэнтаў была пакараная маладая жанчына Тамара з Буда-Кашалёўскага раёну. Паводле яе словаў, працы ў калгасе не было, таму яна і ня сплачвала алімэнты. Аднак, як мяркуе Тамара, турма ці нават вольнае пасяленьне далёка ад дому – гэта неразумнае пакараньне.

(Тамара: ) “Пажадана адбываць пакараньне каля сям’і і сплачваць дзяржаве прадугледжаную законам частку заробку. Дом і дзеці без маці – гэта вельмі кепска.”

(Карэспандэнт: ) “А ў вас колькі дзяцей?”

(Тамара: ) “Чацвера”.

(Карэспандэнт: ) “А хто цяпер іх даглядае?”

(Тамара: ) “Яны пакуль знаходзяцца ў Гомельскім інтэрнаце”.

Зьнявольваюць суды за няўплату алімэнтаў нават мацярок-інвалідаў.

У калёніі строгага рэжыму прадстаўнікі АБСЭ агледзялі памяшканьні, дзе жывуць зьняволеныя, сталоўку, мэдсанчасьць, вытворчыя зоны і нават штрафны ізалятар.

Асабліва зьдзівіла гасцей тое, што ў камэру, дзе ўтрымлівалася пяцёра маладых людзей, амаль не пранікае дзённае сьвятло. Ды наагул турма перапоўненая. Пры наяўнасьці 1,750 месцаў тут утрымліваецца тры з паловай тысячы зьняволеных.

Распавядае каардынатар Бюро дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЭ Біргіт Кайнц.

(Кайнц: ) “Па колькасці зьняволеных Беларусь у ліку лідараў. Зразумела, такая колькасьць вязьняў ня толькі дорага абыходзіцца дзяржаве, але і мае іншыя нэгатыўныя наступствы для грамадзтва. Нават з самых лепшых турмаў сьвету людзі выходзяць ня лепшымі. Я прыехала ў Беларусь на запрашэньне Камітэту выкананьня пакараньняў, каб пракунсальтаваць і даць парады ў справе замены пакараньняў на альтэрнатыўныя меры. Гэта азначае, на меры пакараньня, альтэрнатыўныя ўласна пазбаўленьню волі.”
XS
SM
MD
LG