Сёньня цягнік ідзе толькі да памежнай польскай станцыі Кузьніца. Ходзіць ён чатыры разы на суткі. Перадапошні сёньняшні цягнік вырушыў удзень. Вялікага ажыятажу я не заўважыў. Колькасьць пасажыраў выглядала на штодзённую — чалавек 120-150.
Бальшыня зь іх езьдзіць кожны дзень, робячы дробны бізнэс на цыгарэтах і сьпірытусе. Таму пра візы яны паклапаціліся загадзя. Польскае Генэральнае консульства знаходзіцца непадалёк ад вакзалу. Аднак пасажыры гаварылі, што ім не падабаецца самая патрэба рабіць візы ў суседнюю краіну, куды яны доўгі час езьдзілі свабодна.
(Спадарыня: ) “Адзінае, што вам скажу: сёньня людзей душаць і душаць. Каб быў заробак такі, як трэба, дык хіба людзі езьдзілі бы, душыліся ў гэтых цягніках? Нас тут—у нашай краіне за людзей ня лічаць. А там—“дзень добры”, “до відзеньня”. Там лепей, чым тут”.
Пасажыры-мужчыны менш эмацыйныя.
(Спадар: ) “Гэтая віза—шматразовая, але 40 дзён можна будзе знаходзіцца ў Польшчы, старая віза—за 14 даляраў. Мы езьдзім кожны дзень — як атрымліваецца, а што будзе зь першага — яшчэ невядома. Пабачым. Мне здаецца так, што гарадзенцы, якія езьдзілі, нікуды не падзенуцца. Бяз працы сядзець ня будуць. Будуць езьдзіць і з гэтымі візамі”.
Мужчына, зь якім я размаўляў, быў вельмі задаволены, што атрымалася набыць візу менавіта па старым кошце. Палякі выдавалі іх да 22 верасьня. Сёньня ён праяжджаў каля польскага генэральнага консульства і лічыць, што чарга была вельмі вялікая. Праўда, у верасьні палякам ўдалося наладзіць выдачу візаў празь дзень пасьля здачы дакумэнтаў, а ці атрымаецца гэтак рабіць надалей, будзе залежаць ад колькасьці ахвотных атрымаць візу ў суседнюю краіну.