Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯСКОЎЦЫ ЗВЫШ ГОДУ ЖЫВУЦЬ БЕЗ ЭЛЕКТРЫЧНАСЬЦІ, АСЬВЯТЛЯЮЦЬ ХАТЫ ГАЗАЙ І АКУМУЛЯТАРАМІ


Марыя Усьціновіч, Шклоўскі раён

У вёсцы Зарэчча на Шклоўшчыне ёсьць некалькі дамоў, жыхары якіх абыходзяцца без электрычнасьці. У Аляксандра Шолкава заблякавалі электралічыльнік год таму. Гаспадар ня здолеў аплаціціь рахунак, бо нідзе не працуе. Ягоная нявестка Ганна, якая цяпер жыве ў Зарэччы, тлумачыць, што нават працоўнае месца дворніка нельга атрымаць без чаргі.

(Шолкава: ) “Ведаеце, цяпер такі час, што ўладкавацца вельмі цяжка. Падпрацоўвае, падкалямлівае. А ўвечары што? Лямпу газавую. Як ў старажытнасьці пры лучыне!”

Набыць газу, гаворыць жанчына, можна свабодна ў крамах і на запраўках. А лядоўня, паводле слоў Ганны, рэч не вельмі патрэбная.

(Шолкава: ) “Каўбаскі 200 грамаў набыў – на вячэру і на раніцу, калі ласка. Пайшоў – набыў свежай. Як на захадзе”.

Аднак Ганна прызнае, што без электрычнасьці ўсё ж нязручна. Таму яна зьбіраецца аплаціць запазычанасьць цесьця, аднак ці будуць у сям’і грошы на аплату наступных рахункаў – жанчына няўпэўненая.

(Шолкава: ) “Цяпер калі маеш 100 кіляватаў запазычанасьці за тры месяцы – то ўжо адразу адключаюць. Гэта і мяне датычыць. Нам дзіцячыя грошы затрымалі на два месяцы. Вось ты і круціся-вярціся як хочаш”.

Іншая зарэчанская сям’я Разьвязных таксама ня здолела заплаціць за электрычнасьць блізу 10 тысячаў рублёў больш як год таму. У сям’і двое непаўнагадовых дзяцей – навучэнец вучылішча і школьнік, якія робяць хатнія заданьні адразу пасьля заняткаў, пакуль не сьцямнела. Цяжка, але прызвычаіліся – гаворыць гаспадыня, Людміла Разьвязная.

(Разьвязная: ) “Акумулятар уключым, яно і бачна. Пачынае канчацца сілкаваньне, дык зяць яго зарадзіць. А калі з камбайну здыме, дык увогуле добра асьвятляе”.

Апрача акумулятараў хату асьвятляюць і газавай плітой. Наконт электрапрыбораў тут не хвалююцца: тэлевізар зламаўся, лядоўні няма. Грошай у доме ніколі не было з-за адсутнасьці працы ў гаспадара і схільнасьці да ўжываньня сьпіртовых напояў. Аднак цяпер галава сям’і атрымаў працу ў лясніцтве, і гэта дае надзею на падключэньне сьвятла.

(Разьвязная: ) “Цяпер будзем плаціць. Ужо вырашылі, што атрымае заробак 15-га і ўсё. Цяпер ужо цямнее. Тады ўжо зробім”.

Між тым прадпрыемства “Шклоўскія раённыя электрычныя сеткі” зьвярнулася ў суд з позвамі да злосных неплацельшчыкаў за электрычнасьць. Звычайна гэта людзі, якія запазычылі грошы за 200 кіляват-гадзінаў і вышэй. Цяпер ім давядзецца ня толькі ліквідаваць запазычанасьць, але яшчэ заплаціць судовыя выдаткі і грошы за падключэньне.

Наагул у Магілёўскай вобласьці, паводле афіцыйнай інфармацыі «Магілёўэнэрга», на сёньняшні дзень за няўплату адключаныя 219 прамысловых і пабытовых спажыўцоў электраэнэргіі.
XS
SM
MD
LG