Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКІХ ПЭНСІЯНЭРАЎ ПАЗБАЎЛЯЮЦЬ МАГЧЫМАСЬЦІ НАБЫВАЦЬ ТАННЫЯ ХАРЧЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Мясцовая вэртыкаль раней не перашкаджала гандляваць на старой пляцоўцы рынку фэрмэрам, вяскоўцам і перапрацоўчым прадпрыемствам. Сваю прадукцыю яны прадавалі з машынаў і прычэпаў, што адбівалася на коштах. Харчы можна было набыць значна таньней, чым на звычайным рынку і ў крамах. Прыватныя гандляры нават пагаджаліся завезьці тавар па хатах пакупнікоў.

Але цяпер Берасьцейскі гарвыканкам забараніў продаж харчовай прадукцыі на гэтым месцы. Праваахоўчыя органы атрымалі загад спыніць гандаль непасрэдна з транспартных сродкаў. У гарвыканкаме тлумачаць сваё рашэньне тым, што такі гандаль замінае руху транспарту і не адпавядае санітарным нормам. Цяпер на гэтай пляцоўцы кожны дзень знаходзяцца міліцыянты, якія пільна сочаць, каб рашэньне гарадзкіх уладаў выконвалася. Пэнсіянэры, якія прызвычаіліся купляць на месцы старога рынку танныя харчы, кажуць, што ад гэтага рашэньня церпяць ня толькі гандляры, але і малазабясьпечаныя грамадзяне.

(Спадар: ) “Прыватных гандляроў ганялі і раней, але ж там стаяць і машыны дзяржаўных прадпрыемстваў. Хлебам де дазваляюць гандляваць, яйкамі — таксама. Што гэта такое? Хутка і рыбу забароняць там прадаваць”.

(Іншы: ) “На падставе чаго забаранілі? Прэзыдэнт кажа: патрэбныя кірмашы. А тут атрымліваецца наадварот”.

(Спадар: ) “Я інвалід вайны, куды мне хадзіць цяпер? Раней купляў тут бульбу, бо побач жыву. А цяпер куды мне ісьці? Дзе я яе куплю, калі на рынку ў бабулек яна каштуе 500 рублёў?”

Пэнсіянэры кажуць, што іх пазбаўляюць апошняй магчымасьці зрабіць запас харчоў на зіму, бо цяперашняю пэнсію падчас ацяпляльнага сэзону прыйдзецца амаль цалкам выкарыстоўваць на аплату камунальных паслугаў.
XS
SM
MD
LG