Паводле неафiцыйнай iнфармацыi, уплывовых супрацоўнiкаў праваахоўных органаў затрымалi прадстаўнiкi Камiтэту дзяржаўнай бясьпекi Беларусi. Прычым непасрэдна ў затрыманьнi прымала ўдзел адмысловая група цэнтральнага апарату КГБ зь Менску.
Нагодай для арышту сталася заява берасьцейскага бiзнэсоўца. Ён паведамiў, што прадстаўнiк сьледчага камiтэту прапанаваў дапамогу ў справе вяртаньня запазычанасьцi ад iншай камэрыцыйнай структуры. Бiзнэсовец распавёў, што гэтая фiрма завiнавацiла яму 40 тысячаў амэрыканскiх даляраў. Свае паслугi ў вяртаньнi гэтых грошай сьледчы ацанiў у 10 тысячаў даляраў. Ён таксама паабяцаў вырашыць згаданае пытаньне разам з пракурорам аднаго з аддзелаў абласной пракуратуры. У момант перадачы хабару берасьцейскi сьледчы i пракурор, прозьвiшчы якiх пакуль не названыя, былi арыштаваныя. Цяпер iх перавезьлi ў Менск, а пракуратура Беларусi вядзе сьледзтва паводле гэтай справы.
У пракуратуры Берасьцейскай вобласьцi не камэнтуюць затрыманьне свайго супрацоўнiка, спасылаючыся на адсутнасьць дакладных зьвестак пра гэтае здарэньне. Але тут заўважаюць, што ўпершыню за апошнiя гады iхны калега падазраецца ў крымiнальным злачынстве. У затрыманьнi адказных супрацоўнiкаў беларускiх праваахоўных органаў можна заўважыць аналёгiю з падзеямi ў Расеi, дзе апошнiм часам распачата шмат крымiнальных справаў супраць чыноўнiкаў сiлавых мiнiстэрстваў. Але ў берасьцейскай пракуратуры лiчаць падобныя параўнаньнi беспадстаўнымi i выкрыцьцё карупцыянэраў у сваiх шэрагах называюць рэдкай зьявай.