Напачатку лета Рэчыцкі райвыканкам дазволіў егавістам прыбудаваць да купленага прыватнага дома на вуліцы Камуністычнай роты лекцыйную залю. Калі быў ужо пастаўлены каркас і накрыты дах, нечакана райвыканкам запатрабаваў спыніць будоўлю.
Распавядае кіраўнік абшчыны Сьведкі Яговы Сьцяпан Лугоўскі.
(Лугоўскі: ) “Мы ня можам сказаць дакладна, што ад каго залежала. Але раённыя ўлады нечакана запатрабавалі спыніць рэканструкцыю дома. Раней дазволілі, цяпер — забаранілі”.
Як удалося высьветліць, да забароны нечакана спрычыніўся і мясцовы пракурор Віктар Будкоў. Ужо пасьля пачатку будоўлі пракурор ўнёс пратэст на рашэньне раённага выканкаму.
Фармальнай падставай паслужыла тое, што абшчына не перавяла ва ўстаноўленым парадку прыватны жылы дом у шэраг нежылых памяшканьняў. Акурат дзеля гэтага трэба было зьвярнуцца ў абласны выканаўчы камітэт, бо раённая ўлада паводле дзейнага заканадаўства ня мае права на такія дазволы.
Аднак егавістаў на гэтым шляху падпільноўвае новая складанасьць. Улады цьвердзяць, што ніякай лекцыйнай залі ў пратэстанцкай абшчыны быць ня можа. Вось што, у прыватнасьці, заявіў старшыня Рады ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў аблвыканкаму Ўладзімер Кляўцоў.
(Кляўцоў: ) “Яны спрабуюць словаблудам замазаць, што гэта — культавы будынак, і называюць яго лекцыйнай заляй. Іншага ж культавага будынка ў іх няма”.
У такім разе, паводле адмысловага ўказу Лукашэнкі, абшчына павінна атрымаць згоду на культавы будынак ня толькі ў рэгіёне, але і ў Камітэце справаў рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў.
Абшчыны такім чынам накіроўваюць па вялікім бюракратычным коле.
Гэта, дарэчы, сталася адной з прычынаў таго, што ўсё 7 наяўных у рэгіёне суполак Сьведак Яговы ня маюць уласных культавых будынкаў.
У такім жа становішчы апынулася і бальшыня іншых пратэстанцкіх абшчынаў. Яны змушаныя арандаваць памяшканні або патаемна зьбірацца ў прыватных дамах адзінаверцаў. І гэта ў той час, калі пратэстанцкія абшчыны розных кірункаў складаюць амаль 40% зь ліку ўсіх рэлігійных парафіяў, што зарэгістраваныя і дзейнічаюць на тэрыторыі рэгіёну.