Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАЗЫРЫ НА ЧАЛАВЕЧЫХ КАСЬЦЯХ БУДУЮЦЦА ГАЗАПРАВОД І КАТЭДЖЫ


Казімер Яноўскі, Менск

Нягледзячы на пратэст Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў, гарадзкія ўлады сталі пракладваць праз тэрыторыю былых габрэйскіх могілак газаправод. Заданьне правесьці яго паводле зацьверджанага праекту атрымалі адмыслоўцы акцыянэрнага таварыства “Рагачоўгазбуд”.

У размове прыежджыя рабочыя засьведчылі, што гісторыя гораду ім невядомая. Пра пахаваньні на шляху пракладкі трубаў яны пачулі ўпершыню ад лідэра асацыяцыі беларускіх габрэяў Якава Гутмана. Яму слова…

(Гутман: ) “Патрабуе тэрміновай карэктыроўкі праект газыфікацыі гораду. Ён прадугледжвае пракладку газаправоду праз габрэйскія могілкі й праз пахаваньні ахвяраў нацызму. Цяпер ужо дакладна вядома, што тут пахаваны ўдзельнікі супраціву, растраляныя СД. На частцы габрэйскіх могілак паханавана каля тысячы жыхароў Мазыра і наваколіц. І зараз па гэтых костках запраектавана пракладка газаправоду”.

Апрача таго, улады выдалі дазвол на будаўніцтва прыватнага катэджа на месцы яшчэ адных старажытных габрэйскіх могілак блізу анкалянічнага дыспансэра. Паводле словаў спадара Гутмана, у горадзе кажуць, што катэдж гэты праз падстаўную асобу ўзводзяць для аднаго зь мясцовых кіраўнікоў. З катлавану тут таксама падымаюць на паверхню чалавечыя чарапы ды косьці…

Намесьнік старшыні гарвыканкаму ў пытаньнях будаўніцтва Валянцін Бягляк зьдзівіўся такой інфармацыі.

(Бягляк: ) “І што, выкопваюць чарапы і косці? Для мяне гэтая інфармацыя новая. Праверым!”,— запэўніў намесьнік старшыні гарвыканкаму спадар Бягляк.

Калі для мясцовага начальства ўварваньні на былыя месцы пахаваньняў справа, па ўсяму відаць, звыклая, то на салдатаў, якія вядуць раскопкі ў Мазыры, пошукі парэшткаў ахвяраў аказваюць вельмі моцнае ўражаньне. Вось што распавёў нашаму радыё адзін з салдатаў 52-га пошукавага баталёну Міністэрства абароны.

(Нямковіч: ) “Мяне завуць Нямковіч Андрэй. Я сам з Салігорску. Я мяркую, што тут вялікае пахаваньне. Яно ў некалькіх месцах знаходзіцца. Адно месца мы ўжо знайшлі. Я сам адкопваў тут шкілеты. Вельмі цяжка мне глядзець на гэта ўсё. Адразу ў маім сэрцы нешта пачынае шчыміць. Уяўляецца, як раней гэта было, як людзі пакутавалі, гінулі”.
XS
SM
MD
LG