Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАБРУЙСКАЕ АДДЗЯЛЕНЬНЕ КАМІТЭТУ ДЗЯРЖАЎНАГА КАНТРОЛЮ ПІКЕТУЮЦЬ БЫЛЫЯ РАБОЧЫЯ


Аляксандр Сердзюкоў, Магілеўская вобласьць

Былая галоўная бугальтарка бабруйскай філіі Менскага трактарнага заводу дэталяў і аўтаагрэгатаў Любоў Санковіч патрабуе, каб яе аднавілі на працы.Маці пяцёх дзяцей, былая рабочая аб’яднаньня “ Фандок” Галіна Гусева кажа, што прадпрыемства мусіла выдзеліць ёй жыльлё яшчэ восем гадоў таму, аднак кватэра дасталася іншаму чалавеку.

Выбар месца пікетаваньня невыпадковы – абедзьве жанчыны выказваюць прэтэнзіі да кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю спадара Тозіка, які, паводле іхнай заявы, не выканаў свае абяцаньні. Любоў Санковіч звольнілі зь працы ў сакавіку 2001 году пасьля таго, як яна патрабавала фінансавай рэвізіі прадпрыемства ды абвінаваціла адміністрацыю філіі заводу ў крадзяжы 900 мільёнаў рублёў. Былая бугальтарка тройчы прасіла спадара Тозіка правесьці праверку гаспадарчай дзейнасьці прадпрыемства, аднак свае абяцаньні ён так і ня выканаў.

Драўляны дом, дзе жыве пэнсіянэрка Галіна Гусева і пяцёра яе дзяцей, на 70 адсоткаў зношаны. Яна таксама зьвярталася ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, паколькі лічыць, што ёй, якая ўсё жыцьцё працавала ў таварыстве “Фандок“ і увесь час стаяла ў чарзе на жыльлё, павінны былі выдзеліць кватэру. Яе галоўнае патрабаваньне да камітэту: праверце чаргу на жыльлё на аб’яднаньні “Фандок”.

Міліцыянты спрабавалі спыніць акцыю пратэсту на той падставе, што ўлады дазволілі пікетаваньне толькі на стадыёне аб’яднаньня “Фандок”. Аднак жанчыны прыйшлі менавіта да аддзяленьня камітэту і не захацелі сыходзіць з гэтага месца. Пратэсты праваабаронцаў і незалежных журналістаў паўплывалі на дзеяньні міліцыянтаў – яны адмовіліся ад сваіх намераў. А, магчыма, адыграла сваю ролю заява Любові Санковіч, якая паведаміла, што зьвярнулася па дапамогу ў камітэт ААН па правох чалавека.
XS
SM
MD
LG