Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАБРЭЙСКІЯ ПАРЭШТКІ Ў ГОРАДНІ ПАХАВАНЫ, АЛЕ СКАНДАЛ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня з самай раніцы на стадыёне “Нёман” працавалі будаўнікі, і трэніраваліся лёгкаатлеты. Нагадаю, што са стадыёну вывезьлі лішнюю зямлю. У ёй знайшлі чалавечыя чарапы і косткі. Узьнік міжнародны скандал. Сёньня ў другой палове дня павінна была адбыцца сустрэча гарадзенскага рабіна з кіраўніком аблвыканкаму, прысьвечаная канфліктнай сытуацыі.

Стадыён 40 гадоў таму пабудавалі на старых габрэйскіх могілках. Сёлета пачалі яго перабудову. Месца, адкуль вывозілі зямлю зь людзкімі парэшткамі, калі пачаўся скандал, абгарадзілі сеткай. Сёньня я ўбачыў, што агароджу замянілі на шчыльны плот, ніякія работы там не адбываюцца.

Восьмага ліпеня знойдзеныя парэшткі перахавалі на іншых старых габрэйскіх могілках у занёманскай частцы гораду. Паводле Якава Фрумана з габрэйскага таварыства, тыдзень пасьля гэтага было ціха. А потым скандал атрымаў працяг. Хаця мясцовыя габрэі да гэтага ня маюць дачыненьня. У горадзе не засталося людзей, продкі якіх ляжалі некалі на разбураных могілках. Была вайна, было гарадзенскае гета, эміграцыя.

А вось меркаваньне старшыні габрэйскай грамады Міхаіла Каржа:

(Корж: ) “Здарылася тое, што здарылася, таму трэба шукаць нейкі кампраміс. Парэшткі, якія можна было ўзяць і пакласьці ў адмысловыя скрыні, іх зьбіралі, хаця не на 100 адсоткаў, канечне. Але тыя, хто хоча абвінавачваць кагосьці, я лічу, павінны былі самі зьбіраць парэшткі. Нават сёньня яшчэ нешта знаходзяць, там стаіць скрыня, больш чым на палову запоўненая. Можна будзе зрабіць дадатковае перазахаваньне”.

Міхаіл Корж гаворыць, што зараз неабходна усталяваць мэмарыяльную шыльду побач са стадыёнам, якая будзе прысьвечана габрэйскім могілкам. Аднак прадстаўнікі рэлігійных арганізацыяў зь Менску ўвесь час зьмяняюць сваё меркаваньне ў гэтай справе. А таксама, як сказаў Міхаіл Корж, яны падаграюць міжнародную грамадзкасьць, заклікаючы яе байкатаваць Беларусь на міжнародных спартовых спаборніцтвах. Большасьць гарадзенскіх габрэяў гэтых дзеяньняў не падтрымліваюць, сказаў кіраўнік габрэйскай грамады Міхаіл Корж.
XS
SM
MD
LG