Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ, САЮЗ ПАЛЯКАЎ І ЛІТОЎСКАЕ АБ’ЯДНАНЬНЕ СУПРАЦЬ ГАРАДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Кіраўнікі гарадзкой арганізацыі БНФ, Саюзу палякаў і аб’яднаньня літоўцаў “Тэвінэ” хацелі адзначыць 593-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы канцэртам каля помніка вялікаму князю Вітаўту. Ён стаіць паміж Новым і Старым замкамі. З гарвыканкаму адказалі, што мост у Стары замак у аварыйным стане, таму адзначаць не дазваляем.

Кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў прасілі суд прызнаць адмову ўладаў незаконнай і неабгрунтаванай, а таксама — абавязаць гарвыканкам папрасіць прабачэньне. Судзьдзя Пракопік зазначыў, што апошняе пажаданьне не прадугледжанае нормамі матэрыяльнага права.

Падпісанты падкрэсьлілі ў судзе, што не зьбіраліся танчыць на мосьце, а ў заяве канкрэтна пазначылі пляцоўку каля помніка. Яны таксама запатрабавалі дакумэнты наконт аварыйнасьці мосту. Прадстаўнік гарвыканкаму іх прад’явіў — высьветлілася, што ўлады яшчэ ў красавіку меліся яго закрыць і зрабіць часовы пешаходны мост. Але нічога не зрабілі, і па мосьце сёньня езьдзяць машыны і ходзяць экскурсанты.

Самы стары ў Беларусі мураваны мост датуецца 17–18 стагодзьдзямі. Аварыйным ён лічыцца прынамсі 10 гадоў, аднак ніякай шыльдачкі наконт гэтага няма. А літоўцам летась дазволілі правесьці на тым жа месцы грунвальдзкае мерапрыемства. Кіраўнік літоўцаў Альгіс Дзіргінчус зазначыў яшчэ, што сёлета ў сьвяткаваньні павінны былі ўдзельнічаць літоўскі і польскі консулы, і адмова ўладаў мела розгалас у Літве. І меркаваньне намесьніка старшыні Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага:

(Пажэцкі: ) “Я лічу: гэта ганьба для ўладаў гораду, якія не далі дазволу на правядзеньне грунвальдзкага сьвята. Бо гэта была векапомная бітва 1410 году. У той самы час у Польшчы і Літве праводзілі гэтае мерапрыемства ў многіх гарадах. Нікому не прыйшло да галавы, каб ня даць дазволу на яго правядзеньне”.

Судзьдзя Пракопік зачытаў даведку з камунальнай службы за 11 жніўня, у якой гаворыцца, што мост у Стары замак знаходзіцца “ў перадаварыйным стане”. Аднак пастанавіў, што адмовілі арганізатарам на законных падставах: улады нібыта дбалі пра бясьпеку ўдзельнікаў.
XS
SM
MD
LG