Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЯРОЗАЎСКІЯ ЎЛАДЫ ПРЫМУШАЮЦЬ БЯСПЛАТНА ДАПАМАГАЦЬ КАЛГАСАМ ПРАДПРЫЕМСТВА-БАНКРУТ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Бярозаўскія ўлады падалі ўжо другую заяву ў гаспадарчы суд Берасьцейскай вобласьцi, патрабуючы адстаўкі Галіны Дрэбезавай. Менавіта гэтая судовая ўстанова ў сьнежні мінулага году прызначыла спадарыню Дрэбезаву кіраўніком у справе банкруцтва Бярозаўскага камбінату сылікатных вырабаў.

Паводле зацьверджанага пляну, гэтае прадпрыемства, на якім працуе больш за паўтысячы чалавек, будзе лічыцца банкрутам наступныя восем гадоў. За гэты час упаўнаважанае судом кіраўніцтва камбінату павінна захаваць вытворчасьць і працоўны калектыў, а таксама выправіць фінансавае становішча прадпрыемства.

Але чыноўнікі Бярозаўскага райвыканкаму не зьбіраюцца чакаць, пакуль камбінат пазбавіцца стратаў. Кіраўнікам прадпрыемства далм загад бясплатна перадаць уласную прадукцыю калгасам раёну, а таксама пералічыць грошы на нарыхтоўку сена.

Адмова ад выкананьня гэтага загаду і сталася галоўнай прычынай для звароту мясцовай вэртыкалі ў гаспадарчы суд. Першая заява не была задаволеная, але пакуль рыхтуецца разгляд яшчэ адной скаргі, спадарыня Дрэбезава адмаўляецца ад камэнтароў. Разам з тым, яна заўважае, што камбінат сылікатных вырабаў мае цяпер горшыя вынікі сваёй гаспадарчай дзейнасьці, чым калгасы, якім паводле загаду ўладаў трэба дапамагчы. Таму цяперашняе кіраўніцтва камбінату не зьбіраецца выконваць рашэньне райвыканкаму.

Варта заўважыць, што гэта першы выпадак на Берасьцейшчыне, калі ўлады спрабуюць дамагчыся адхіленьня ад пасады кіраўніка, прызначанага судом на збанкрутаванае прадпрыемства.
XS
SM
MD
LG