Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ АТРУЧАНАЕ РАДЫЯЦЫЯЙ ЗБОЖЖА ДАЮЦЬ ЖЫВЁЛЕ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Самае бруднае збожжа на поўдні рэгіёну вырашчана ў сельгаспрадпрыемстве “Хойніцкае”. Радыялягічная праверка паказала, што ў азімай пшаніцы ўтрымліваецца ў кіляграме 56 бэкерэляў стронцыю. Гэта больш, як у пяць разоў перавышае дапушчальную норму.

Што робяць з такой пшаніцай у гаспадарцы, распавядае галоўная эканамістка сельгаспрадпрыемства Тацяна Раманоўская:

(Раманоўская: ) “Здаем пшаніцу на камбікормавы завод як фураж і губляем грошы ўдвая. У мінулым годзе згубілі 60 мільёнаў рублёў”.

З падобнай праблемай сутыкаюцца дзясяткі гаспадарак. У Нараўлянскім раёне ў калгасе імя Фрунзэ сабралі каля 400 тонаў азімага жыта, у якім узровень стронцыю таксама перавысіў пяціразовы парог.

Калгасная бугальтарка Галіна Кудзін кажа, што вырашчаную радыяцыйную збажыну гаспадарка павінна выкарыстоўваць на свае мэты.

(Кудзін: ) “Мы нікуды яе не дзяем — пакідаем, мелем і аддаем гэтай няшчаснай жывёле. Атрымліваецца, што жывёла праходзіць, а бывае, што і яе вяртаюць з прычыны радыяцыі назад”, — кажа бугальтарка.

Кажны год Гомельшчына вырошчвае прыкладна дзясятую частку ўраджаю збожжа, моцна атручанага радыяцыяй. Гэтым збожжам кормяць жывёлу і атрымліваюць так званыя нарматыўна чыстыя мяса, каўбасы, малако, сьмятану ды масла.

Пераспэцыялізацыя ж гаспадарак вядзецца надзвычай марудна. У згаданым раней сельгаспрадпрыемстве “Хойніцкае” два гады таму падрыхтавалі праграму выкарыстаньня забруджаных земляў пад вырошчваньне насеньня збожжавых культураў і траваў. З гэтага нічога не атрымалася. Цяпер склалі з улікам рэкамэндацыяў Інстытуту радыялёгіі чарговы плян пераспэцыялізацыі. На гэта патрэбна 3 мільярды рублёў інвэстыцыяў. Камчарнобыль выдзеліў з патрэбнай сумы толькі 26 мільёнаў рублёў.

(Раманоўская: ) “Абяцаюць у 2005 годзе даць. Ня ведаю, што з гэтага будзе, але абяцаюць”, — сказала эканамістка сельгаспрадпрыемства “Хойніцкае” спадарыня Раманоўская.
XS
SM
MD
LG